У ПАР знойдзеная найстаражытнейшая палеалітычная майстэрня па вытворчасці фарбаў з рэшткамі інструментаў і кантэйнерамі для пігментаў,
паведамляе Science. Знаходка паказвае, што Homo sapiens мелі артыстычныя навыкі 100 тысяч гадоў таму — раней, чым меркавалі да гэтага часу навукоўцы.

Палеалітычны цюбік з фарбай.

Палеалітычны цюбік з фарбай.

Каменныя і касцяныя прылады для вытворчасці пігменту ў пласце М3 і ракавіна з кавалкам пігменту.

Каменныя і касцяныя прылады для вытворчасці пігменту ў пласце М3 і ракавіна з кавалкам пігменту.

Ракавіны з рэшткамі пігменту.

Ракавіны з рэшткамі пігменту.

Пячора Бломбас (ПАР).

Пячора Бломбас (ПАР).

Ракавіны з рэшткамі сумесі на аснове вохры, прызначанай хутчэй за ўсё для дэкаратыўных мэтаў, былі выяўленыя разам з іншымі артэфактамі ў ніжнім пласце адкладаў M3 у пячоры Бломбас, палеалітычным помніку, размешчаным на беразе акіяна за 300 км на ўсход ад Кейптаўна.

За гэтым месцам ужо замацавалася рэпутацыя арт-студыі каменнага стагоддзя:
раней у той жа пячоры, але ў больш позніх (прыблізна 75 тысяч гадоў) пластах М1-М2 быў знойдзены самы старажытны твор мастацтва — кавалак вохры з выгравіраваным геаметрычным малюнкам, а таксама касцяныя прылады і каралі з 41 ракавіны дробнага малюска Nassarius kraussianus.

Каменныя і касцяныя артэфакты са слядамі вохры, якую карэнныя народы Афрыкі ахвотна выкарыстоўваюць да гэтага часу ў якасці дэкаратыўнага пігменту пры ўпрыгожванні жылля, адзення, зброі і ўласных персон, ужо знаходзілі ў сярэднепалеалітычных пластах, аднак іх узрост складаў не больш за 60 тысяч гадоў.

Узрост пяску, у якім выяўленыя новыя артэфакты, складае 100 тысяч гадоў: для дакладнасці пласт М3 датавалі адразу трыма спосабамі — аптычна-люмінісцэнтным, тэрмалюмінісцэнтным і радыёметрычным.

Акрамя створак ракавін галіёціса (малюска Нaliotis midae, вядомага таксама як марское вушка) з рэшткамі засохлага пігменту ў М3 былі знойдзеныя кампактна размешчаныя інструменты і матэрыялы для вытворчасці фарбаў: уласна кавалкі вохры і драўнянага вугалю, кавалкі гетыту (разнавіднасці жалезнай руды), гематыт, косці, а таксама ўдарныя і вастрыльныя камяні і камяні-кавадлы са спецыфічнымі слядамі драпінаў і сколаў, што не пакідае сумневу ў тым, як менавіта іх выкарыстоўвалі.

«Фарбавальны пігмент атрымлівалі расціраннем папярэдне расколатых кавалкаў вохры камянямі кварцытамі да стану парашка», — кажа кіраўнік раскопак у Бломбаcе і адзін з аўтараў артыкула ў Science Крыстафер Хеншылвуд, прафесар Інстытута чалавечай эвалюцыі пры Універсітэце Вітватэрсранда ў Ёханэсбургу.

Далей, як мяркуюць археолагі, парашок вохры змешваўся з вугалем, расцертымі ў парашок кавалачкамі костак, расцертым гематытам і вадой. Сумесь закладвалася ў ракавіны, дзе даводзілася да патрэбнай кандыцыі з дапамогай костак, сашчэпленыя канцы якіх таксама фарбаваліся вохрай. Ракавіны маглі выкарыстоўвацца і ў якасці кантэйнераў для транспартавання фарбы — яны здабываліся проста тут, на беразе, астатнія матэрыялы здабываліся дзесьці ў ваколіцах. Касцяны парашок, магчыма, граў ролю злучальнага рэчыва.

Не выключана таксама, што старажытныя людзі ўмелі атрымліваць рознакаляровыя пігменты, выкарыстоўваючы розныя спалучэння чырвонага гематыту, жоўтага гетыту, вугалю, вохры і касцянога парашка.

«Выяўленыя намі матэрыялы і інструменты сведчаць, што сто тысяч гадоў таму старажытныя людзі валодалі ўжо досыць складанымі і прасунутымі тэхналогіямі, што прадугледжваюць выкарыстанне рознай мінеральнай і арганічнай сыравіны для атрымання патрэбных сумесяў, а таксама такіх нетрывіяльных для сярэдняга палеаліту прылад, як кантэйнеры.

І гэта не кажучы пра развітае мастацкае мысленне, якое прадугледжвае маляванне, дэкараванне і іншыя сімвалічныя практыкі,
існаванне якіх ускосна пацвярджаецца гэтымі знаходкамі», — рэзюмуе археолаг.

З сённяшняга дня знаходкі выстаўленыя для ўсеагульнага агляду ў найстарэйшым паўднёваафрыканскім Ізікскім музеі ў Кейптаўне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?