На пасяджэнні 26 кастрычніка, якое правяла старшыня Нацыянальнага банка Надзея Ермакова, размова ішла аб выкананні асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі ў студзені-верасні і задачах банкаўскай сістэмы краіны па іх рэалізацыі ў IV квартале гэтага года.

«Сярод задач, вызначаных для вырашэння ў гэтым квартале, банкам рэкамендавана прааналізаваць вынікі, выкліканыя выхадам на адзіны курс беларускага рубля, у тым ліку звязаныя з выкананнем нарматываў бяспечнага функцыянавання, станам бягучай ліквіднасці, дынамікай праблемных актываў», — адзначылі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка. Прапанавана таксама аказваць садзейнічанне кліентам па зніжэнню дэбіторскай запазычанасці прадпрыемстваў-экспарцёраў і вяртанню экспартнай выручкі, прадоўжыць рэалізацыю мер па недапушчэнню празмернай нагрузкі на фізічных асоб пры пагашэнні існуючай крэдытнай запазычанасці. Пры ажыццяўленні крэдытавання неабходна ўлічваць мэтазгоднасць першачарговай падтрымкі вытворчасці валютаакупнай і імпартазамяшчальнай прадукцыі.

Цяпер устойліваць абменнага курсу беларускага рубля фактычна будзе падтрымлівацца за кошт строгай грашова-крэдытнай і працэнтнай палітыкі Нацыянальнага банка.

Пры гэтым ажыццяўляецца пераход да рэжыму кіруемага плавання. Абменны курс фарміруецца пры мінімальным непасрэдным удзеле Нацыянальнага банка.
Валютныя інтэрвенцыі праводзяцца толькі ў мэтах згладжвання рэзкіх кароткатэрміновых курсавых ваганняў.

На пасяджэнні было сказана, што грашова-крэдытная палітыка ў рэспубліцы ў бягучым годзе праводзілася ў вельмі няпростых эканамічных умовах. Нарастанне знешнегандлёвага дэфіцыту пры абмежаваных паступленнях знешняга фінансавання абумовіла перавышэнне попыту на валюту над прапанаваннем, для кампенсацыі якога Нацыянальны банк у пачатку года быў вымушаны траціць золатавалютныя рэзервы. З мэтай іх захавання на ўзроўні, які забяспечвае выкананне знешніх абавязацельстваў дзяржавы, Нацыянальны банк у сакавіку спыніў правядзенне валютных інтэрвенцый. У выніку ў эканоміцы сфарміравалася множнасць абменных курсаў, адзначалася развіццё інфляцыйных працэсаў.

З канца сакавіка назіраўся адток тэрміновых рублёвых і валютных дэпазітаў насельніцтва з банкаў.
У гэтых умовах грашова-крэдытная палітыка ў складзе адзінай дзяржаўнай эканамічнай палітыкі была накіравана на пераадоленне існуючых дысбалансаў у эканоміцы, выхад на адзіны курс беларускага рубля і забеспячэнне макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці.

Для гэтага Нацыянальны банк узмацніў грашова-крэдытную палітыку. З 1 чэрвеня поўнасцю спынена эмісійнае крэдытаванне дзяржпраграм. Акрамя таго, павышаны ўзровень працэнтных ставак, забяспечана павелічэнне міжнародных рэзерваў, прыняты шэраг іншых мер.

«Рэалізаваныя Нацыянальным банкам і ўрадам меры далі магчымасць пераламаць негатыўныя тэндэнцыі, якія мелі месца ў пачатку года, і забяспечыць карэкціроўку знешнеэканамічных дыспрапорцый. Рэкорднага ўзроўню дасягнуў экспарт тавараў і паслуг, а тэмпы росту імпарту знізіліся. Станоўчыя тэндэнцыі сталі назірацца і ў дынаміцы паступленняў валютнай выручкі», — адзначылі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.

З сярэдзіны чэрвеня ўдалося стабілізаваць і забяспечыць прыток тэрміновых рублёвых дэпазітаў насельніцтва ў банках. З 15 чэрвеня па 15 кастрычніка 2011 года іх аб’ём вырас на 22,5 працэнта, або на Br1,5 трлн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?