Пастановай Савета міністраў № 1420 ад 24 кастрычніка 2011 года ўстаноўлены новыя памеры платы за карыстанне інтэрнатам вучэбных устаноў Беларусі, паведаміла прэс-служба ўрада.

Плата за карыстанне інтэрнатам цяпер будзе залежаць ад камфортнасці і ўмоў пражывання студэнтаў і навучэнцаў. З гэтай мэтай усе інтэрнаты раздзелены на тры катэгорыі. Самым дарагім стане пражыванне ў інтэрнаце 1-й катэгорыі. Да іх адносяцца новабудоўлі з блакаванымі памяшканнямі, у якіх ёсць пакоі, санвузел і кухня. Пражыванне ў інтэрнаце 2-й катэгорыі будзе таннейшым, таму што кухня агульнага карыстання знаходзіцца на паверcе, а ў блоку ёсць толькі пакоі і санвузел. У інтэрнаце 3-й катэгорыі кухні, санвузлы, душавыя памяшканні — агульнага карыстання.

Для студэнтаў ВНУ і факультэтаў даўніверсітэцкай падрыхтоўкі плата за пражыванне ў інтэрнатах будзе дыферэнцыяванай.

Яны будуць плаціць тры базавыя велічыні (105 тыс. рублёў) за пражыванне ў інтэрнаце 1-й катэгорыі, дзве (70 тыс. рублёў) — 2-й катэгорыі, адну (35 тыс. рублёў) — 3-й катэгорыі.

Для іншых катэгорый навучэнцаў устаноўлены іншыя памеры платы. Згодна з пастановай, навучэнцы, якія жывуць ва ўсіх катэгорыях інтэрнатаў і атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, будуць плаціць 0,25 базавай велічыні, навучэнцы ПТВ — 0,4 базавай велічыні (14 тыс. рублёў), навучэнцы ССНУ — 0,7 базавай велічыні (24 тыс. 500 рублёў).

У 2010/2011 навучальным годзе ў дзяржаўных установах адукацыі мелі патрэбу ў месцах у інтэрнаце прыблізна 196 тыс. чалавек, з іх жылі ў інтэрнаце прыблізна 151 тыс. Забяспечанасць месцамі ў інтэрнаце ў ВНУ склала 68,2%, у ССНУ — 84,4%, у ПТВ — 96,5%. Цяпер плата за карыстанне інтэрнатам складае ад 8 тыс. 750 рублёў для навучэнцаў ПТВ да 15 тыс. 750 рублёў для студэнтаў. Такі памер платы не пакрывае расходы бюджэту па ўтрыманні інтэрнатаў дзяржаўных устаноў адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?