Нацыянальны банк Беларусі чакае рост золатавалютных рэзерваў у 2012 годзе на ўзроўні 1,6–3,1 млрд. долараў ЗША. Пра гэта гаворыцца ў праеце Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2012 год.

Нарошчванне міжнародных рэзервовых актываў разглядаецца адной з найважнейшых умоў для забеспячэння эканамічнай бяспекі краіны. «Прагназуецца, што ва ўмовах неабходнасці пагашэння Рэспублікай Беларусь унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце міжнародныя рэзервовыя актывы ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду за 2012 год узрастуць на 1,6–3,1 млрд. долараў ЗША», — зазначаецца ў праекце дакумента.

Пры гэтым

асноўнай крыніцай папаўнення ЗВР будуць сродкі ад продажу дзяржаўнай уласнасці ў аб’ёме не менш як 2,5 млрд. долараў ЗША.

На 2011 год Нацбанк планаваў, што рост міжнародных рэзервовых актываў складзе не менш як 1,2 млрд. долараў. Асноўнымі фактарамі такога росту павінны былі стаць прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў памеры 6,4–6,5 млрд. долараў, а таксама выраўноўванне сітуацыі ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі «за кошт павышэння эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі».

Аднак, нягледзячы на валютныя паступленні ў выглядзе крэдытаў, па выніках дзевяці месяцаў

аб’ём ЗВР краіны зменшыўся амаль на 315 млн. долараў (6,7%) і на 1 кастрычніка 2011 года склаў 4 млрд. 715,8 млн. долараў.

Пры гэтым каля 3,5 млрд. з іх створаны за кошт доўгу ў замежнай валюце перад камерцыйнымі банкамі, сфарміраванага за кошт здзелак СВОП тэрмінам 12 і больш месяцаў.

За 2010 год золатавалютныя рэзервы Беларусі насуперак планам Нацбанка таксама знізіліся — амаль на 622 млн. долараў, або на 11%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?