Гомельскі актывіст інтэрнэт-супольнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Ілья Міронаў прызнаны вінаватым на падставе артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараны 10-сутачным арыштам. Рашэнне вынес суддзя суда Савецкага раёна Гомеля Сяргей Уласаў на закрытым пасяджэнні.

Прычыны правядзення пасяджэння ў закрытым рэжыме ў судзе не растлумачылі. Дзяжурныя міліцыянеры не прапусцілі на пасяджэнне ні журналістаў, ні сяброў, ні маці Міронава, растлумачыўшы гэта тым, што суддзя забараніў каго-небудзь пускаць. Пры ўваходзе ў суд актывіст паспеў паведаміць, што судзяць яго за падрыхтоўку да Народнага сходу, які плануецца правесці 12 лістапада.

Міронаў заявіў на судзе сведкам свайго затрымання Васіля Такарэнку. Той указаў, што актывіст быў раптоўна затрыманы супрацоўнікамі спецназа калі выходзіў з працы, прычым ён не ўчыняў ніякіх правапарушэнняў. Такарэнка паведаміў, што ў міліцэйскім пратаколе фігуравалі сведкі, якія нібыта паказалі, што бачылі, як Міронаў раздаваў улёткі.

Актывіст быў затрыманы вечарам 26 кастрычніка. Яго на вачах Такарэнкі скруцілі пяць супрацоўнікаў спецназа і павезлі ў невядомым напрамку.

25 кастрычніка дадому да актывіста прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, якія размаўлялі з яго маці і пераконвалі яе «паўплываць на сына» — не дапусціць яго ўдзелу ў пратэстных акцыях. Міронаў з таварышамі на працягу апошніх месяцаў з’яўляўся ўдзельнікам акцый маўклівага пратэсту, якія хоць і былі малалікімі, але рэгулярна, кожную сераду праходзілі на пляцоўцы каля цырка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?