Беларусі давядзецца альбо скарачаць колькасць імпартных прэпаратаў, што закупляюцца для хворых за дзяржаўны кошт, альбо вылучаць на гэтыя мэты дадатковыя сродкі, здольныя кампенсаваць інфляцыю.

Сумы, запланаванай Беларуссю на закупку імпартных лекавых сродкаў, не хопіць, каб у поўным аб’ёме забяспечыць патрэбнасці насельніцтва.

Такое меркаванне выказаў дырэктар Цэнтра маркетынгавых даследаванняў «Фармэксперт» Аляксей Прахін.

Тлумачыцца гэтая сумная перспектыва дэвальвацыйныя працэсамі. Бо бюджэт на закупку імпартных медпрэпаратаў разлічваўся ў рублях па цэнах, якія дзейнічалі на момант яго фармавання.

У якасці галоўнага спосабу рашэння гэтай праблемы сёння часта разглядаюць імпартазамяшчэнне. Аднак на думку спецыяліста, яно не здольнае цалкам закрыць дзіркі, якія ўзніклі ў сістэме лекавага забяспечання краіны.

— Калі казаць пра імпартныя прэпараты масавага спажывання, то іх замяніць аналагамі айчыннай вытворчасці досыць проста, — кажа Аляксей Прахін. — А вось сучасныя інавацыйныя прэпараты — практычна немагчыма.

Частка з іх абароненая патэнтамі, частка вельмі складаная ў вытворчасці і патрабуе велізарных выдаткаў.

А менавіта такія лекі сёння выкарыстоўваюцца для шпітальнага лячэння шматлікіх цяжкіх захворванняў, у першую чаргу анкалагічных.

Паводле словаў спецыяліста, спіс такіх жыццёва важных прэпаратаў у Беларусі ўжо быў сфармаваны з улікам асартыменту айчынных вытворцаў і магчымасцяў імпартазамяшчэння.

— Ні адна краіна свету не можа абысціся без імпарту медпрэпаратаў, і Беларусь тут не выключэнне, — кажа Аляксей Прахін. — Сусветны фармацэўтычны рынак даўно сышоў далёка наперад. Дагнаць буйныя фармацэўтычныя карпарацыі, якія валодаюць велізарнымі бюджэтамі, адна параўнальна невялікая дзяржава з досыць маладой фармацэўтычнай прамысловасцю проста не ў стане.

Вядома, айчынныя аналагі некаторых імпартных лекаў усё-ткі ствараюцца. Але гэта магчыма далёка не заўсёды. У многіх выпадках гаворка, як правіла, усё-такі пра пераход на менш сучасныя прэпараты з усімі наступствамі.

— Калі, да прыкладу, анкалагічных хворых перавядуць на менш сучасныя і менш эфектыўныя прэпараты, смяротнасць у рэспубліцы па асобных групах захворванняў можа значна ўзрасці,
 — лічыць Аляксей Прахін.

Такім чынам, хутка наладзіць вытворчасць аналагаў дарагіх медпрэпаратаў у той якасці, аб’ёме і асартыменце, каб цалкам замяніць імпарт, у Беларусі немагчыма.

А змяншэнне аб’ёмаў закупкі дарагіх імпартных медыкаментаў выклікае шэраг складаных пытанняў, у тым ліку і этычнага характару.

— Незразумела, як будуць размяркоўвацца гэтыя лекі паміж хворымі,
 — разважае Аляксей Прахін. — Напрыклад, які крытэр патрэбнасці будзе ўсталяваны сярод хворых на анкалогію, дзе дактары аперуюць катэгорыямі гадавой выжывальнасці?

Паводле яго словаў,

такое рашэнне ўдарыць па насельніцтве вельмі моцна.

— У Беларусі сума выдаткаў на лекі на аднаго чалавека і так складала 70 даляраў, у той час як у Расіі яна дасягала 100, а ў Японіі — каля 600 даляраў, — кажа спецыяліст. — Мы нават не наблізіліся да таго ўзроўню спажывання лекавых сродкаў, які характэрны для развітых краін.

Ён лічыць, што сродкі для закупкі медпрэпаратаў у ранейшых аб’ёмах павінныя адшуквацца з бюджэту пры любой сітуацыі:

— Эканомія на крытычным імпарце, якім і з’яўляюцца незаменныя дарагія лекавыя прэпараты, — гэта своеасаблівы дэфолт і рэзкі адкат якасці жыцця насельніцтва далёка назад. Калі імпарт лекавых сродкаў у Беларусі скараціць з 75% хаця б да 50, гэта можа прывесці да сацыяльнай катастрофы.

Аляксей Прахін лічыць, што замест таго каб скарачаць дзяржзакупкі імпартных прэпаратаў, Беларусі трэба паспрабаваць аптымізаваць выдаткі на іх:

— Напрыклад, калі кансалідаваць пастаўкі ў краіну прэпаратаў, гэта значыць узбуйніць партыі, іх кошт можа знізіцца да 20%. Акрамя таго, за кошт узбуйнення паставак можна значна паменшыць выдаткі на мытню і лабараторыю. Але для гэтага неабходна працаваць над удасканаленнем лагістыкі закупак, старанна вывучаць стан рынку і адсочваць яго дынаміку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?