На парламенцкіх выбарах у Харватыі перамагла кааліцыя Kukuriku («Кукарэку») на чале з апазіцыйнай Сацыял-дэмакратычнай партыяй (СДП) Зорана Міланавіча, паведамляе Agence France-Presse са спасылкай на ЦВК Харватыі, пасля падліку больш за 50% бюлетэняў.

Кааліцыя Kukuriku атрымае 76 з 151 месца ў парламенце, тады як кіруючая «Харвацкая дэмакратычная садружнасць» (ХДС) прэм’ер-міністра Ядранкі Косар, паводле звестак ЦВК, атрымлівае 47 мандатаў. Косар прызнала паразу, аднак заявіла, што вынік, які паказала яе партыя, з’яўляецца добрым, улічваючы скандалы, якія суправаджалі выбары.

Галоўнай прычынай падзення папулярнасці кіруючай партыі стаў шэраг карупцыйных скандалаў з удзелам членаў ХДС.

Кааліцыя «Кукарэку» атрымала сваю назву па шыльдзе рэстарана, у якім ішлі перамовы аб яе стварэнні. Акрамя СДП у кааліцыю ўваходзяць Харвацкая народная партыя, Істрыйская дэмакратычная асамблея і Харвацкая партыя пенсіянераў.

Парламент Харватыі абіраецца на чатырохгадовы тэрмін.

Выбары ў парламент Харватыі прайшлі напярэдадні падпісання дамовы аб далучэнні Харватыі да ЕС, якое адбудзецца ў рамках саміту ЕС 8–9 снежня. Краіна афіцыйна ўступіць у ЕС у 2013 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?