Журналістка Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, атрымала ліст ад жонкі прэзідэнта Польшчы Ганны Камароўскай.

«Па каналах дыпламатычнай пошты гэты ліст паступіў у пасольства Польшчы ў Мінску. Вечарам 2 снежня пасол Лешак Шерэпка запрасіў мяне ў дыпмісію і ўручыў ліст», — расказала Халіп.

Паводле яе слоў, гэта «вельмі чуллівы ліст», у якім Камароўска ўспамінае часы «Салідарнасці» ў Польшчы. «У тыя цяжкія часы нашы сем’і перажылі арышты, турмы і інтэрніраванне падчас ваеннага становішча. Цяпер, на жаль, у такім жа бядотным становішчы апынуліся беларускія сем’і», — гаворыцца ў лісце.

Жонка польскага прэзідэнта таксама адзначыла, што

Польшча будзе працягваць патрабаваць вызвалення палітзняволеных у Беларусі.

«Я яшчэ раз пераканалася, што тэма беларускіх палітзняволеных не забытая. Барацьба працягваецца», — сказала Халіп.

Яна таксама адзначыла, што ў яе няма «наогул ніякіх навін ад Саннікава», які ў канцы лістапада быў пераведзены ў папраўчую калонію «Віцьба-3». «Учора павінен быў закончыцца тэрмін каранціна, — сказала Халіп. — Сёння будзем сустракацца з адвакатам, абмяркоўваць, калі ён паедзе да Саннікава».

***

14 мая 2011 года суд Партызанскага раёна Мінска прыгаварыў Андрэя Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбываць пакаранне палітык павінен быў у папраўчай калоніі Наваполацка, куды прыбыў у канцы ліпеня, аднак 20 верасня яго без тлумачэння прычын і без бачных падстаў этапіравалі ў калонію № 2 Бабруйска.

16 лістапада стала вядома, што Саннікава этапіравалі з бабруйскай калоніі, але куды менавіта — не паведамілі ні сваякам, ні адвакатам. 17 лістапада Ірыне Халіп удалося трапіць на прыём да часовага выканаўцы пасады начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргея Працэнкі, які паведаміў, што яе мужа пераводзяць у іншую калонію ў сувязі з тым, што таму нібыта пагражае небяспека. Ён таксама заявіў, што Саннікава будуць этапіраваць праз магілёўскую турму ў Віцебскую вобласці, аднак у якой менавіта калоніі палітык будзе адбываць пакаранне, не паведаміў.

24 лістапада стала вядома, што Саннікаў пераведзены ў «Віцьбу-3».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?