Рэзкі рост базавай велічыні (з 35 000 да 100 000 рублёў), прымеркаваны да 1 красавіка, адаб’ецца на кожным беларусе. І на тых, хто знаходзіцца на дзяржаўнай службе, і на тых, хто мае ўласную справу. І нават на беспрацоўных.

«Наша Ніва» склала рэйтынг тых, хто застанецца ў выйгрышы ад рэформы, а хто, наадварот, прайграе.

У плюсе:

1. Тыя, хто атрымлівае бюджэтныя выплаты

Базавая велічыня — адзін з паказчыкаў, да якіх фармальна прывязваецца памер сацыяльнай дапамогі. Гаворка вядзецца пра пенсіі, стыпендыі, дапамогу беспрацоўным, даплаты настаўнікам і дактарам, інвалідам, шматдзетным сем’ям і іншым катэгорыям беларусаў. Аднак няварта чакаць, што ўсе выплаты з 1 красавіка вырастуць утрая. Калі рост і будзе, то, хутчэй, нязначны.

2. Прадстаўнікі творчых прафесій

Ганарары за творы мастацтва вырастуць утрая. За апошні час мінімальны заробак пастаянна павялічваўся, а ганарары, прывязаныя да базавай велічыні, не змяняліся. Застаючыся на ўзроўні 2007 года, яны ніяк не стымулявалі да плённай працы.

3. Прадпрымальнікі

Спрашчэнне працы — адзін з плюсаў, якія займеюць з 1 красавіка ўладальнікі дробнага бізнэсу. Напрыклад, атрымліваючы штомесяц 100 мільёнаў рублёў, індывідуальны прадпрымальнік не будзе павінен адкрываць разліковы рахунак у банку. Зараз такі ліміт складае 35 мільёнаў рублёў. А вось наяўных грошай ад банку можна будзе атрымаць больш — да 30 мільёнаў рублёў за дзень. Аднак усе «плюсы» для прадпрымальнікаў нівеліруюцца істотным мінусам, звязаным з арэнднай платай (глядзі ніжні рэйтынг)

У мінусе:

1. Прадпрымальнікі

Некалькі гадоў таму арэндная плата за памяшканні вылічвалася ў еўра. Курс рэзка рос, таму было вырашана прывязаць арэнду да базавай велічыні — меркавалася, што яна будзе павялічвацца павольней. У выніку пасля некалькі гадоў зацішша арэндная плата скокне адразу ўтрая. Прадпрымальнікі будуць вымушаныя перакласці свае выдаткі на пакупнікоў. Таму усіх спажыўцоў паслугаў таксама можна ўмоўна назваць «пацярпелымі».

2. Правапарушальнікі

Да базавай велічыні прывязаныя ўсе штрафы. Напрыклад, цяпер пакаранне за безбілетны праезд будзе складаць 20 тысяч рублёў (а не 7 000 рублёў, як зараз). Некаторыя штрафы нарэшце будуць выглядаць унушальна. За ўжыванне алкагольных напояў можна заплаціць нават 1,5 мільёна рублёў. «Падаражэе» і ўдзел у акцыях пратэсту. Прыдуманая нецэнзуршчына можа каштаваць да 3 мільёнаў рублёў.

3. Студэнты

Адна рука дае, другая забірае. Магчымае павышэнне стыпендый кампенсуецца падаражэннем інтэрнатаў. У залежнасці ад ступені камфорту пражыванне ў іх каштуе 1–3 базавыя велічыні. З красавіка гэта будзе 100–300 тысяч рублёў.

4. Тыя, хто афармляе дакументы

З 1 красавіка ўтрая падаражэюць афармленне правоў, падача дакументаў у ЗАГС, замена пашпарта і многія іншыя «папяровыя» працэдуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?