Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае Кітаю паскорыць рэалізацыю шэрагу сумесных праектаў, у прыватнасці, будаўніцтва кітайскага тэхнапарку пад Мінскам.

«Нам трэба гэты этап праходзіць хутчэй. Той жа тэхнапарк трэба пачынаць будаваць. Бо мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, прапановаў шмат і нам даводзіцца выбіраць. Але нам трэба гэта здужаць з кітайцамі, таму што гэта нашы людзі, нашы сябры», — заявіў Лукашэнка ў інтэрв’ю кітайскім СМІ.

Ён завабліваў кітайцаў удзелам у рэалізацыі праекта «Мінск-Сіці». «Мы вельмі зацікаўлены, каб кітайцы прыехалі і дапамаглі нам пабудаваць. Хай Кітай фінансуе, будуе і прадае затым гэтыя плошчы, мы не супраць перадаць гэтую будоўлю вам, сумесна з іншымі кампаніямі», — сказаў А. Лукашэнка.

«Мінск-Сіці» — гэта квартал, задуманы на месцы старога аэрапорта, што аказаўся цяпер у сярэдзіне сталіцы. Спачатку меркавалася, што «Ітэра» збудуе там суперсучасны бізнэс-квартал, было шмат бравады і перадвыбарнага шуму, пасля праект ссохся да чарговага мікрараёна «панэльных дамоў палепшанай планіроўкі», але нават і гэтая справа топчацца на месцы.

«Мы ведаем, у якім кірунку рухацца. Чаго бракуе? Тэмпаў. Жыццё бушуе, і таму, калі дзесьці спазніўся, то потым не дагоніш», — празрыста намякаў кітайцам Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?