12:22

Прысуд Бяляцкаму пакінулі без зменаў, а касацыйную скаргу – без задавальнення.

11:03

У судзе перапынак. Суддзі пайшлі выносіць рашэнне. Да гэтага выступіў пракурор Кірыл Чубкавец. Ён назваў ранейшы прысуд Бяляцкаму справядлівым. Ён заявіў, што віна Бяляцкага даказаная, і што пакаранне трэба пакінуць без зменаў.

Кірыл Чубкавец быў абвінаваўцам на працэсе супраць былых кандыдатаў у прэзідэнты Міколы Статкевіча і Дзмітрыя Уса. Чубкавец знаходзіцца ў спісе неўязных у краіны ЕС і ЗША.

10.36

Суд адхіліў хадайніцтва, каб Бяляцкаму змянілі меру стрымання.

10.35

Пасяджэнне аднавілася. Суддзя зачытала сутнасць справы. Выступае адвакат.

10.05

Працэс пачаўся. Адвакат заявіў хадайніцтва, каб Бяляцкага прывезлі ў суд.

Адвакат Зміцер Лаеўскі выступіў з шэрагам хадайніцтваў:

- вызваліць Бяляцкага з-за кратаў, перанесці суд да таго часу, пакуль гэтага ня адбудзецца

- запатрабаваць дакументы ад арганізацыяў, з якімі кантактаваў Бяляцкі

- далучыць да справы квітанцыю пра перавод грошай (суд адразу задаволіў)

- далучыць дакумtнты пра набыцьцё Бяляцкім маёмасьці (суд адразу задаволіў)

Каб вырашыць іншыя хадайніцтвы суд накіраваўся ў дарадчы пакой. Абвешчаны кароткі перапынак.

10.00

Людзей запусцілі ў судовую залу. Бяляцкага за кратамі няма. Амаль поўная зала. З вядомых палітыкаў пакуль ніхто не прыйшоў.

9.55

Прадстаўніца суда і ахова заявілі журналістам, што здымкі забароненыя. Фатографаў з прафесійнымі камерамі не пусцілі ў суд. А усім астатнім прапанавалі пакінуць сваю апаратуру ў асобным пакоі.

На працэс прыехалі прадстаўнікі пасольстваў Літвы, Польшчы і Нямеччыны, перадае Радыё Свабода.

9.43

Будынак суда ахоўвае спецназ міліцыі. Ля суда забараняюць паркаваць машыны.

На клетцы, дзе будзе сядзець Бяляцкі, усталяваныя жалюзі. Праваабаронцы мяркуюць, што зроблена гэта наўмысна, каб людзі не пабачылі Бяляцкага.

Таксама ў залу суда забаронена праносіць фота і відэаатэхніку.

Сёння Мінскі гарадскі суд разгледзіць касацыйную скаргу праваабаронцы Алеся Бяляцкага на прыгавор, вынесены яму два месяцы таму судом Першамайскага раёна сталіцы. Пасяджэнне пачнецца ў 10.00.

24 лістапада суд Першамайскага раёна прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Апрача таго, Бяляцкі павінен выплаціць дзяржаве ў якасці кампенсацыі 757 млн. 526 тыс. 717 рублёў (каля 90 тыс. долараў). У такую суму суд ацаніў «урон, нанесены злачынствам», і дзяржпошліну, якую павінен выплаціць абвінавачаны.

18 студзеня гэта сума была пералічана жонкай Бяляцкага Наталляй Пінчук на рахунак суда Першамайскага раёна. Грошы сабраны грамадскасцю з надзеяй на тое, што

кампенсацыя ўрону паўплывае на рашэнне Мінгарсуда, які змякчыць прыгавор праваабаронцу.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Мінску 4 жніўня і адразу ж узяты пад варту. Падставай для крымінальнага пераследу сталі звесткі пра яго замежныя банкаўскія рахункі, перададзеныя ў Мінск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў межах двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?