Еўразійскі банк развіцця пачаў перамовы з Беларуссю аб удакладненні стабілізацыйнай праграмы ў межах фінансавай падтрымкі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, паведаміла 24 студзеня прэс-служба ЕАБР.

«Каманда экспертаў» ЕАБР, які кіруе сродкамі АКФ, наведала Мінск 18–21 студзеня для «ацэнкі макраэканамічнай сітуацыі і пачатку дыскусій з уладамі Рэспублікі Беларусь па абнаўленні ліста аб намерах». Такая задача была пастаўлена рашэннем савета фонду ад 28 лістапада 2011 года.

Ліст аб намерах абапіраецца на стабілізацыйную праграму ўрада Беларусі, якая падтрымліваецца фінансавым крэдытам АКФ у 3 млрд. долараў ЗША. Неабходнасць удакладненняў у гэтым дакуменце «абумоўлена значнымі змяненнямі сацыяльна-эканамічных умоў развіцця, у прыватнасці ў сувязі з абясцэненнем нацыянальнай валюты і трохразовым ростам цэн у 2011 годзе».

«Нягледзячы на тое што ў канцы 2011 года рост інфляцыі удаслося запаволіць, галоўным чынам дзякуючы пашырэнню адміністрацыйнага кантролю за цэнамі, стабілізацыі валютнага курсу і ўзмацненню жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі,

гаварыць аб стабілізацыі эканомікі краіны яшчэ дачасна, асабліва на фоне негатыўных прагнозаў развіцця сусветнай эканомікі і скарачэння знешняга попыту»,
 — гаворыцца ў паведамленні.

У гэтых умовах «усе намаганні ўлад Беларусі павінны быць скіраваны на павышэнне ўстойлівасці эканомікі да знешніх шокаў і далейшае скарачэнне структурных дыспрапорцый, выкліканых празмерным стымуляваннем унутранага попыту ў мінулыя гады, уключаючы 2011 год».

Падчас сустрэч у Нацыянальным банку, Міністэрстве фінансаў і Міністэрстве эканомікі былі абмеркаваны «асноўныя ўдакладненні, якія неабходна ўнесці ў ліст аб намерах і стабілізацыйную праграму ўрада, а таксама абмеркаваны папярэднія даныя аб ходзе выканання ўмоў трэцяга транша крэдыту АКФ».

Дыскусіі будуць прадоўжаны на працягу найбліжэйшых тыдняў, «з тым каб прадставіць абноўлены ліст аб намерах для зацвярджэння на найбліжэйшым пасяджэнні савета фонду».

Савет АКФ 4 чэрвеня 2011 года ўхваліў выдзяленне Беларусі крэдыту на 3 млрд. долараў ЗША. У 2011 годзе ЕАБР ажыццявіў перавод Беларусі дзвюх траншаў крэдыту — на 800 млн. і 440 млн. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?