Блогер Аляксей Навальны запусціў праект «Расвыбары», з дапамогай якога грамадзяне змогуць запісвацца назіральнікамі на прэзідэнцкія выбары, прычым запісвацца прапануецца адразу на «падазроныя» выбарчыя ўчасткі, дзе на думскіх выбарах былі заўважаныя парушэнні або «Адзіная Расія» набрала занадта шмат галасоў.

«Вы жывяце ў Маскве і хочаце быць назіральнікам. Жывяце, напрыклад, у Пераяслаўскім завулку, дом 4. Рэгіструецеся на сайце, і ён аўтаматычна выдае найбліжэйшыя да вашага дома выбарчыя ўчасткі, дзе было відавочнае махлярства», — піша Навальны.

Як удакладніў блогер, участкі, на якіх на думскіх выбарах маглі адбыцца фальсіфікацыі, былі вызначаныя статыстычнымі метадамі.
Цяпер стваральнікі праекта вырашылі знайсці добраахвотнікаў, якія былі б гатовыя правесці 4 сакавіка на «праблемных участках». Прычым зарэгістравацца яны могуць не толькі назіральнікамі, але і ў якасці юрыстаў і ўдзельнікаў мабільных груп, якія будуць перашкаджаць працы «каруселяў» — формы фальсіфікацыі выбараў, калі адны і тыя ж людзі па некалькі разоў галасуюць на розных выбарчых участках па адмацавальных талонах.

«Мы выбіраем менавіта тыя ўчасткі, дзе былі відавочныя фальсіфікацыі на папярэдніх выбарах. І на кожны такі ўчастак ставім двух назіральнікаў. Калі атрымаецца — тры. Плюс мабільныя групы. Плюс юрысты ў гэтых групах», — патлумачыў Навальны.

Паводле яго словаў, аўтары «Расвыбараў» спадзяюцца знайсці назіральнікаў на 20 тысяч участкаў, палова з якіх знаходзіцца ў Маскве.
Навальны заклікаў ствараць аналагічныя праекты ў рэгіёнах, дадаўшы, што падобныя групы ўжо рыхтуюцца ў Санкт-Пецярбургу, Екацерынбургу, Уфе і Казані.

Пасля выбараў у Дзярждуму ў сетцы з’явілася мноства аповедаў, фатаграфій і відэазапісаў, у якіх назіральнікі расказвалі пра маштабныя фальсіфікацыі. У снежні група назіральнікаў падала скаргу ў Страсбургскі суд з нагоды парушэнняў на выбарах у Пецярбургу.

У студзені Еўрапейскі суд па правах чалавека прыняў гэтую скаргу да разгляду.

Беларускія грамадзяне так не могуць: наша краіна не ўваходзіць у Раду Еўропы.
Дый выбарчая практыка ў Беларусі зусім іншая: кіраўнікі выбарчых камісій могуць проста не падпускаць назіральнікаў да стала, дзе падлічваюцца галасы. Або такое: сябры камісій злічваюць стосы бюлетэняў асобна і шэптам паведамляюць старшыням камісій, а тыя ўжо самі выводзяць "канчатковую лічбу". Зрэшты, пра якія выбары гаворка, калі ўсе апошнія кампаніі суправаджаліся масавымі арыштамі ўдзельнікаў выбарчых штабоў, звальненнямі незалежных назіральнікаў і закрыццём СМІ?
Так што Навальны, з беларускага пункту гледжання, дзейнічае ў цяплічных умовах.
Пакуль, прынамсі, цэны на нафту высокія і Пуцін захоўвае папулярнасць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?