Следства па справе віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі завершана. Пра гэта паведаміў адвакат актывіста, яго цёзка Пётр Каваленка.

24 студзеня ён сустрэўся са сваім падабаронным. «Мы азнаёміліся з матэрыяламі справы. Цяпер справа будзе накіраваная ў пракуратуру Першамайскага раёна Віцебска. У пракурора ёсць пяць дзён на азнаямленне са справай, і калі ён не задаволіць маё хадайніцтва аб спыненні справы, яна будзе накіраваная ў суд», — паведаміў адвакат.

Ён адзначыў, што Сяргей Каваленка трымаў галадоўку каля месяца.

«Цяпер, паводле медыцынскіх паказанняў, як мне заявілі, ён прымае ежу раз на дзень у невялікай колькасці. Выглядае ён схуднелым. Тым не менш, разважае разумна, гаворыць звязана, на яго псіхічным стане галадоўка не адбілася», — адзначыў Пётр Каваленка.

Адвакат заявіў, што будзе дамагацца спынення крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Каваленкі і вызвалення яго з-пад варты.

***

Сяргей Каваленка з 19 снежня 2011 года знаходзіцца ў СІЗА і з 20 снежня трымаў галадоўку ў знак пратэсту супраць свайго затрымання. Ён быў затрыманы ў межах распачатай у дачыненні да яго справы паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Актывісту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Нагодай для гэтага сталі нібы чатыры парушэнні, якія Каваленка ўчыніў, адбываючы пакаранне.

Каваленка неаднаразова затрымоўвала міліцыя за арганізацыю розных акцый. У маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?