Украінская дэлегацыя, якая ўключае першага віцэ-прэм’ера краіны Андрэя Клюева і новапрызначанага міністра фінансаў Валерыя Харашкоўскага, праводзіць у Вашынгтоне перамовы,
мэта якіх — дамагчыся аднаўлення праграмы супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам без выканання раней узятага на сябе ўладамі абавязання павысіць тарыфы на газ для насельніцтва, паведаміла прэс-служба ўрада ў аўторак.

У 2011 годзе МВФ замарозіў фінансавую падтрымку Украіны, якая адмовілася павысіць тарыфы, каб збалансаваць фінансавае становішча дзяржхолдынга «Нафтагаз» і скараціць бюджэтныя датацыі, што яму накіроўваюцца.

Неабходнасць пагасіць сёлета $3,8 млрд раней узятых крэдытаў МВФ, з якіх больш за $600 млн — ужо ў пачатку лютага, прымушаюць пазбаўленую доступу да вонкавых пазыкаў Украіну зноў звярнуцца да ключавога крэдытора.

Прэм’ер-міністр Мікалай Азараў напярэдадні назваў задачай-мінімум рэфінансаванне плацяжоў фонду.

Харашкоўскі ў тэлеэфіры ў выходныя нагадаў, што па праграме stand-by МВФ абяцаў выдзеліць Украіне ў 2010–2012 годзе $15,5 млрд.

«Задача — аднавіць праграму, атрымаць крэдыт, калі гэта магчыма, перш за ўсё ў рамках той праграмы, якая была падпісаная раней, у нас там засталося парадку $10 мільярдаў», — сказаў Харашкоўскі.

У дэлегацыю, акрамя Клюева і Харашкоўскага, увайшлі міністр працы і сацыяльнай палітыкі Сяргей Цігіпко і прадстаўнікі Нацыянальнага банка.

Пры гэтым Украіна працягвае настойваць на захаванні нязменнымі газавых тарыфаў, што перашкодзіла дамовіцца аб аднаўленні крэдытаў у лістападзе мінулага года.

Харашкоўскі назваў падвышэнне тарыфаў «шляхам у нікуды».

«Мы сутыкнемся з сітуацыяй, звязанай з неплацяжамі… Асноўнае пытанне, якое трэба дыскутаваць, — гэта не павышэнне тарыфаў, а збалансаванасць Нафтагаза», — сказаў Харашкоўскі.

Прэс-служба кіраўніка дзяржавы паведаміла ў аўторак, што пазіцыя ўладаў не змянілася.

«МВФ патрабаваў павялічыць тарыфы на газ для насельніцтва і для Цеплакамунэнерга. Мы разумелі, што такая нагрузка для насельніцтва празмерная, і на гэта не пайшлі», — сказаў прэзідэнт Віктар Януковіч, якога працытавала прэс-служба.

Януковіч плануе 25 студзеня паехаць на Сусветны эканамічны форум у Давос, дзе, магчыма, паспрабуе асабіста пераканаць кіраўніцтва фонду ў мэтазгоднасці выдзеліць Украіне новыя крэдыты без павышэння тарыфаў на газ.

На мінулым тыдні прэм’ер Азараў заявіў, што Украіна блізкая да завяршэння двухгадовых перамоваў аб паніжэнні кошту на імпартаваны з Расіі газ, што дасць магчымасць пазбегнуць павелічэння ўнутраных тарыфаў. Кіеў хоча атрымаць цану на ўзроўні прыкладна $250 за тысячу кубаметраў у параўнанні з цяперашнімі $416. Украіна плануе закупіць не менш за 27 мільярдаў кубаметраў газу.

На думку шэрагу аналітыкаў, аднаўленне дыялогу з МВФ будзе станоўчым сігналам для іншых крэдытораў краіны, умацуе яе пазіцыі ў газавых перамовах з Расіяй, а атрыманне новых траншаў дапаможа палепшыць плацежны баланс і падтрымаць стабільнасць нацыянальнай валюты.

У той жа час, мала хто верыць у аднаўленне фінансавання МВФ да падпісання Украінай дамоваў аб зніжэнні кошту на расійскі газ.

«Фонд наўрад ці пагодзіцца на альтэрнатыўны варыянт вырашэння праблемы газавых тарыфаў на дадзеным этапе (МВФ патрабуе павышэння тарыфаў на 30% для насельніцтва і на 60% для Цеплакамунэнерга). Вынік украінска-расійскіх газавых перамоваў па-ранейшаму з’яўляецца асноўным фактарам, які мог бы паўплываць на пазіцыю МВФ», — сказаў кіраўнічы дырэктар, кіраўнік аналітычнага дэпартамента Dragon Capital Андрэй Бяспятаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?