У Францыі арыштаваны кіраўнік кампаніі па вытворчасці грудных імплантаў — адной з трох найбуйнейшых у свеце. Улады сцвярджаюць, што штучныя бюсты ад Poly Implant Prothese могуць быць небяспечныя для здароўя пацыентак. Для іх вырабу выкарыстоўваўся прамысловы сілікон. Кліенткамі кампаніі сталі да паўмільёна жанчын — цяпер ім трэба выдаляць эндапратэзы.

У чацвер французскія паліцыянты арыштавалі 72-гадовагаЖан-Клода Маса, заснавальніка кампаніі Poly Implant Prothese (PIP),
якая вырабляе сіліконавыя грудныя імпланты.
Пажылога бізнэсмэна, былога мясніка і прадаўца віна, супрацоўнікі праваахоўных органаў абудзілі а сёмай раніцы.
Яго абвінавачваюць у ненаўмысным забойстве і прычыненні шкоды здароўю. Следчыя Францыі падлічылі, што ў 30 000 францужанак стаяць няякасныя імпланты. Ім было рэкамендавана выдаліць эндапратэзы або неадкладна замяніць іх.
Усяго кліентамі кампаніі PIP, трэцяй па велічыні ў свеце, па папярэдніх падліках, з’яўляюцца 400–500 тысяч жанчын.

Сама кампанія PIP спыніла сваё існаванне ў 2010 годзе, збанкрутаваўшы пасля таго, як высветлілася, што яна выкарыстоўвала няякасны сілікон.

Праверка паказала, што мсье Мас выкарыстаў прамысловы сілікон замест медыцынскага, які каштуе ў дзесяць разоў даражэй.
Кіраўнік кампаніі не стаў адмаўляць гэтага факта, аднак заявіў, што ніякай небяспекі няма. «Я ведаў, што гэты гель не сертыфікаваны, але я выкарыстаў яго свядома, таму што ён быў таннейшы і значна лепшай якасці», — заявіў Мас у кастрычніку мінулага года.

Ва ўрадзе Францыі яму не паверылі: даследаванні даказалі, што імпланты ад PIP маюць анамальна высокі адсотак парываў. (Варта адзначыць, што дзяржаўнае агенцтва Вялікабрытаніі MHRA, якое займаецца кантролем медыцынскіх прэпаратаў і матэрыялаў, заявіла, што імпланты PIP разрываюцца не часцей, чым эндапратэзы іншых вытворцаў.)

Больш за тое,

французскія лекары западозрылі, што неадпаведны для арганізма чалавека матэрыял прыводзіць да хуткага развіцця злаякасных пухлін.

У лістападзе ў Марсэлі памерла жанчына, у якой была выяўленая лімфома, якую, на думку медыкаў, выклікалі імпланты PIP.

Цяпер на абследаванні ў лекараў знаходзяцца яшчэ 20 жанчын з бюстамі ад Маса, у 16 ​​з якіх пацвердзіўся рак грудзей.
Зрэшты, чыноўнікі з французскага Міністэрства аховы здароўя пакуль не кажуць аб наўпроставай сувязі паміж эндапратэзам і захворваннем.

Затое ў прэсе сталі выступаць пацярпелыя, распавядаючы пра тое, як іх грудзі надзімаліся і разрываліся ўнутры.

Ахвярай сілікону стала і 29-гадовая брытанская актрыса і мадэль Ванэса Халстэд.
Восем гадоў таму, да аперацыі, актрыса купляла бялізну, выбіраючы паміж памерамі В і С. Затое пасля наведвання хірурга яна смела пыталася ў прадаўцоў памер DD. Праблемы пачаліся ў кастрычніку 2011 года.

«Аднойчы я пайшла ў салярый і заўважыла там, што правая цыцка апухла і стала памерам з маю галаву», — патлумачыла Халстэд.

На наступны дзень яна выправілася на прабежку і адчула моцны боль у грудзях. «Боль быў невыносны. Цыцкі ўсё раслі, мне рабілася ўсё горш, і неўзабаве я не магла нават падняць руку», — успамінае акторка.

Яна добра запомніла момант, калі пачула тонкі гук, з якім імплант разарваўся ўнутры.
У лякарні яе агаломшылі: усе паперы з запісамі яе стану былі страчаныя. Лекары ў выніку выдалілі пратэзы. І акторка не ўяўляе, што ёй рабіць зараз: марнаваць вялікую суму на новую аперацыю яна не можа, аднак хоча вярнуць прыгажосць. Халстэд вырашыла дамагчыся ад урада, каб лекары бясплатна замянялі небяспечныя імпланты жанчынам. Па іроніі лёсу, праз сістэму аховы здароўя Вялікабрытаніі эндапратэзы PIP атрымалі тры тысячы жанчын, якія прайшлі аперацыю па выдаленні рака малочнай залозы.
Свае заявы ў суд ужо падалі 2,5 тысячы былых пацыентак PIP,
якія патрабуюць абараніць іх правы. Зрэшты адвакаты кажуць, што нежаданне Маса прызнаваць сваю віну можа зацягнуць працэс.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?