Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

25-гадовы Дзмітрый Канавалаў, прысуджаны да вышэйшай меры пакарання за арганізацыю выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г., прызнаў прысуд у адносінах да сябе законным і адмовіўся падаваць прашэнне аб памілаванні.

Пра гэта 27 студзеня паведаміў журналістам генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Як сцвярджае генпракурор, пра тое, што магчыма напісанне прашэння аб памілаванні на імя прэзідэнта, Канавалаву нагадвалі двойчы, і двойчы ён адмовіўся скарыстацца гэтым правам.

Канюк нагадаў, што другі асуджаны па гэтай справе за саўдзел у тэрарызме Уладзіслаў Кавалёў, таксама прыгавораны да смяротнай кары, прашэнне аб памілаванні падаў 7 снежня.
Заключэнне Генпракуратуры па яго прашэнні ўжо падрыхтавана, найбліжэйшым часам дакументы будуць перададзены ў камісію па памілаванні пры прэзідэнце.
Дата пасяджэння камісіі па справе Канавалава і Кавалёва пакуль невядомая, сказаў Канюк, які ўваходзіць у склад гэтай камісіі.

У выніку выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая», нагадаем, загінулі 15 чалавек, больш за 160 атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія.

Прыгавор, вынесены Канавалаву і Кавалёву Вярхоўны судом Беларусі 30 лістапада, выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадстве і чарговы раз прыцягнуў увагу да праблемы смяротнай кары. Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль прымяняецца такая мера пакарання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?