Гэта даказваюць яе адкрытыя выказванні пра крыкі на корце, адносіны з публікай і журналістамі, любімую бабулю, грошы, тэніс, шопінг, бойфрэнда, штраф у Мінску і многае іншае.

 Getty Images.

Getty Images.

Вядома, я не хачу на гэтым спыняцца. Я настроеная на тое, каб і далей выходзіць на корт і выйграваць буйныя турніры. Пасля гэтай перамогі я веру ў сябе яшчэ больш — веру, што магу зрабіць гэта зноў. Я адчуваю, што для мяне няма межаў.

У мяне байцоўскі характар, і я заўсёды кідаю сабе выклік — на корце і за яго межамі. Але я заўсёды іду крок за крокам. Нельга ўвесь шлях пераадолець адным скачком.

Крык — гэта частка мяне, частка маёй гульні, так я гуляю з самага дзяцінства. Калі ўжо паглыбляцца, то крык дапамагае мне гуляць на выдыху, рухацца. Гэта кампанент майго руху. Дзіцем я была вельмі слабай, так што такім чынам надавала сабе дадатковай сілы. З тых часоў гэта стала звычкай. Вось і ўсё.

Вядома, я чула, як заўзятары мяне парадыруюць — я ж не глухая. Але мяне не турбуе. Я паважаю заўзятараў, што б яны ні рабілі.

Бывае, задаюць дурныя пытанні. З гэтымі крыкамі на корце часам усё даходзіць да абсурду, і мне ўжо няма чаго на гэта адказаць. Смешна, што людзі трацяць столькі грошай на тое, каб вымераць гучнасць крыкаў. Аддалі б лепш грошы таму, каму яны патрэбныя.

Рэйтынг — гэта проста лічбы. Калі ты праходзіш далёка па турніры, ты зарабляеш балы і робішся другім, першым. Але для гэтага трэба выйграваць. Так што я канцэнтруюся на тым, каб перамагаць, дадаваць у гульні. Тады і вынікі прыйдуць.

Я не паехала ў Маскву, таму што засталася не вельмі задаволенай арганізацыяй Кубка Крамля, стаўленнем, якое было да мяне ў мінулым годзе. У Люксембургу жа ўсё было вельмі зручна: і арганізацыя добрая, усё блізка, такі хатні турнір.

Я б хацела, каб гледачы выказвалі больш павагі, выключалі мабільныя тэлефоны і прыходзілі проста глядзець тэніс.

Грошы — добрая матывацыя, і я б схлусіла, калі б сказала, што мы гуляем толькі з любові да тэнісу і дзеля рэйтынгавых балаў. Разумееце, калі ў гульні надыходзіць спад, пачынаеш думаць, што грошай магло б быць і больш, і гэта можа цябе завесці, неяк дапамагчы.

Пайшла па крамах і страціла галаву. Колькі я выдаткавала? Ужо лепш спытайце, колькі ў мяне засталося з гэтымі распродажамі! У мяне шопінг па-руску — купляеш усё, што можаш панесці. Праўда, я так і не змагла панесці. Забіце мяне.

У Мінску мяне часта пазнаюць. Ёсць нават пацешная гісторыя. Я бегала і прабегла на чырвоны сігнал святлафора. Мне шанцуе, што мяне не штрафуюць за перавышэнне хуткасці за рулём, але ведаеце, штраф пешаходу — гэта проста смешна! Я бегла з навушнікамі ў вушах, калі да мяне пад’ехала паліцэйская машына, і афіцэр сказаў: «Прашу прабачэння, вы толькі што перасеклі дарогу на чырвонае святло». Я яму: «Але цяпер 8:30 і нікога няма», — а ён: «І ўсё-такі вы парушылі правілы». Я спытала, ці не жарт гэта, але яны сказалі, што не. Добра, што ў мяне былі з сабой нейкія грошы, каб купіць вады. Не ведаю, ці пазналі яны мяне. Магчыма, яны проста захацелі з мяне пажартаваць.

Я не імкнуся быць знакамітасцю. Мяне пастаянна запрашаюць на розныя мерапрыемствы, але я не хаджу. Можа, я пачну потым, калі скончу з тэнісам, але цяпер я тэнісістка. Я спакойна стаўлюся да вядомасці, але не хачу, каб яе было занадта шмат. Не хачу быць часткай шоу-бізнэсу.

Цяпер я разумею, што ў зносінах з прэсай вельмі важна быць адкрытай і паказваць, якая ты ёсць. Я не хачу прыкідвацца. Шматлікім гульцам навязаны пэўны імідж, і ім даводзіцца яму адпавядаць. Я ж у такіх выпадках думаю: «Ды пайшло яно ўсё». Я такая, якая ёсць.

Можа, я і не паказваю вам свайго засмучэння, але гэта не значыць, што я не засмучаная. Проста я не буду тут сядзець з вамі і плакаць. У мяне да сябе высокія патрабаванні, і я не буду тут галасіць: «Госпадзе, я прайграла, што ж цяпер рабіць?»

Самае галоўнае для мяне — гэта здароўе і гульнёвае развіццё.

Я ўсё яшчэ расту. Звычайна дзяўчаты перастаюць расці ў 20 гадоў. Але я ў мінулым годзе я выявіла, што вырасла на 5 сантыметраў. Я не пярэчу, бо гэта толькі дапамагае мне з падачай.

Лічу, у мяне ёсць свая, асаблівая манера. Ні да кога не падобная. Так, я гуляю агрэсіўна. Але, пагадзіцеся, гэтая гульня прыносіць мне шмат перамог.

Наогул, я не аматар тэніса. У тым сэнсе, што глядзець яго мне не вельмі падабаецца. Звычайна супернікаў праглядае мой трэнер. Але калі ўжо вочы трапляюць на нейкую трансляцыю, то я абавязкова ўсе нюансы, якія заўважаю, запісваю.

Я на кожнае спаборніцтва прыязджаю, каб яго выйграць. Але і я, і вы разумеем, што гэта немагчыма.

Ніколі ў жыцці не прайгравала спецыяльна і сябе не берагла. Калі я гуляю на турніры, то гуляю ў поўную сілу, незалежна ад таго, што чакае мяне наперадзе.

Я трымала ў галаве вобраз Надаля, тое, як ён гуляе. Незалежна ні ад чаго, ён змагаецца. Па-мойму, яго менталітэт — найлепшы з тых, якія наогул існуюць у свеце. Я спрабавала змагацца гэтак жа добра, як ён. І ў мяне атрымалася.

Больш за ўсіх на мяне паўплывала мая бабуля. Гэта неверагодны чалавек. Яна ўсё сваё жыццё працавала — да 71 года. Нам давялося прымусіць яе падпісаць паперу, што яна больш не будзе працаваць, таму што яна ўсё роўна ўставала ў пяць раніцы і ішла на працу. Проста дзіўна, колькі працуюць такія людзі, як яна. Мы ж проста гуляем у тэніс і скардзімся па дробязях. Я прайграла матч. І што? Жыццё працягваецца. Гэта проста матч. Трэба ж глядзець на жыццё шырэй.

Мяне падтрымліваў Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч, ён заўсёды мне высылае тэлеграмы, гэта вельмі прыемна.

Мой бойфрэнд — гэта Сяргей Бубка. Ой, вядома ж, малодшы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?