Супрацоўнікі магілёўскай калоніі № 15 адмаўляюцца паведамляць вынікі разгляду справы палітзняволенага Дзмітрыя Бандарэнкі на пасяджэнні камісіі, якая абмяркоўвала магчымыя змяненні рэжыму адбывання пакарання зняволеных.

Пасяджэнне камісіі адбылося 8 лютага ў другой палове дня і доўжылася да заканчэння працоўнага часу кіраўніцтва калоніі. Сёння начальнік спецыяльнага аддзела папраўчай установы Людміла Гуркова адмовілася паведаміць штосьці аб справе Бандарэнкі, які 1 лютага падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

У прыёмнай начальніка калоніі Сяргея Маханькова карэспандэнта БелаПАН не злучылі з кіраўніцтвам. Падобныя пытанні трэба падаваць у пісьмовым выглядзе і звяртацца ў дзень прыёму грамадзян, паведамілі ў прыёмнай.

Сёння ў калонію павінны прыехаць жонка Бандарэнкі Вольга і яго адвакат.

Аб тым, што Дзмітрый Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава, напісаў прашэнне аб памілаванні, стала вядома 4 лютага ад яго жонкі. Паводле слоў Вольгі, у тэлефоннай размове муж паведаміў ёй, што напісаў прашэнне 1 лютага.

Нагадаем, Дзмітрый Бандарэнка асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені яму зрабілі аперацыю на пазваночніку ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска. У канцы студзеня гэтага года Бандарэнку ўзмацнілі ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя. Асуджанаму, у прыватнасці, забаранілі карыстацца кастылём, на які ён абапіраўся пры хадзьбе, насіць мяккі абутак, які яму перадала жонка, абавязалі выходзіць на працу, на паверку на плац, хадзіць у страі.

24 студзеня стала вядома, што прашэнне аб памілаванні напісаў Андрэй Саннікаў. Паводле слоў жонкі палітыка, яно было напісала яшчэ 20 лістапада мінулага года пад уздзеяннем катаванняў. Як сцвярджаюць у МУС, 23 студзеня адміністрацыя калоніі «Віцьба-3», дзе адбывае пакаранне Саннікаў, перадала прашэнне ў аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?