Спорт высокіх дасягненняў прыносіць пераможцам добрыя грошы. Футбалістаў і хакеістаў у краіне нямерана, але, калі пастарацца, можна зарабіць і ў іншых відах спорту. Некаторыя з іх карыстаюцца папулярнасцю на Захадзе, але ў Беларусь прыйшлі нядаўна.

Сквош

Сквош

Кёрлінг

Кёрлінг

Бейсбол

Бейсбол

«Наша Ніва» расказвае пра экзатычныя віды спорту, якія могуць скарыць беларускіх заўзятараў.

Тэніс у пакоі

Сквош — гульня, чымсьці падобная да тэніса.
Вось толькі корт знаходзіцца не на адкрытай прасторы, а… у пакоі. Мяч трэба не перакідваць праз сетку, а біць аб сцяну, каб супернік не дагнаў яго.
Гульня, у якой абодва спартсмены бегаюць па пакоі прыблізна 10х6 метраў, пастаянна сутыкаюцца, і пры гэтым яшчэ паспяваюць адбіваць ракеткай мяч, выглядае крыху камічна. Затое скінуць вагу можна лёгка.
Пасля напружанага паядынку майку літаральна можна выкручваць.
Ледзь не адзіным месцам для занятку сквошам у Мінску застаецца OrangeClub на завулку Калініна, 16.
Арэнда корта каштуе 50—85 тысяч рублёў за гадзіну ў залежнасці ад часу сутак. Яшчэ каля 20 тысяч давядзецца заплаціць за арэнду інвентару.

Міжнародная федэрацыя сквоша праводзіць перамовы, каб гэты від спорту быў уключаны ў праграму Летніх алімпійскіх гульняў, але пакуль марна.

Сонечны футбол

Паблажлівую ўсмешку ў тых, хто займаецца «сапраўдным» футболам, часцяком выклікае пляжны футбол.
Гэты від спорту таксама спрабуе прабіцца на Алімпіяду. У адрозненне ад сквоша, ён ужо знайшоў падтрымку на дзяржаўным узроўні.
У бліжэйшыя гады ў краіне мусяць пабудаваць восем пляцовак для пляжнага футбола. Чатыры з’явяцца на Брэстчыне (у Брэсце, Кобрыне, Івацэвічах і Пружанах), тры — на Магілёўшчыне (у Магілёве, Кіраўску і Горках) і адна ў Гомелі.
Кожная з іх будзе каштаваць бюджэту ад 100 да 300 мільёнаў рублёў, а гомельская — ажно 1 мільярд.

Зборная Беларусі ўжо прабілася ў дзясятку наймацнейшых каманд Еўропы, таму канкурэнцыя ў гэтым відзе спорту большая, чым у сквошы.

З ужо існуючых пляцовак найбліжэйшая да Мінска знаходзіцца на 5-м пляжы Заслаўскага вадасховішча. Ёсць палі і ў Полацку, Светлагорску і каля Кобрына. Вядома ж, пабегаць з мячом па пяску можна толькі ўлетку.

Слава прыбіральшчыц

Старажытная шатландская гульня кёрлінг, наадварот, лічыцца зімовай.
На пацеху прыбіральшчыцам усяго свету спартмены­-кёрлеры са шчоткамі, падобнымі на швабры, націраюць лёд перад спецыяльным каменем. Каб перамагчы, трэба запусціць гэты камень у бок пляцоўкі, а пасля дапамагчы прыкаціцца яму ў самы цэнтр.
Гэты від спорту многія бачылі падчас Зімовых алімпійскіх гульняў.
Але нашым прабіцца на Алімпіяду будзе складана — там выступае толькі 10 найлепшых зборных.
Навучаюць кёрлінгу пакуль што толькі на «Мінск­-Арэне».
Трэніроўка па бегу са шчоткамі каштуе 238 тысяч рублёў на групу з 4-8 чалавек. У гэтым відзе спорту прайграваць няпрыкра. Кажуць, што,
згодна з традыцыямі, каманда­-пераможца пасля гульні частуе сваіх былых супернікаў вячэрай у рэстаране.

Заакіянскі госць

Амерыканскі бейсбол усё ніяк не можа здабыць сапраўднай папулярнасці ва ўсёй Еўропе, не кажучы асобна пра Беларусь. Мала хто можа зразумець правілы гэтай гульні, ад якой фанацеюць мільёны амерыканцаў. Хаця многія з дзяцінства памятаюць лапту — спрошчаны варыянт бейсбола.

Тым не менш, свой чэмпіянат у Беларусі праводзіцца.

Гульнёй, у якой трэба ўдарыць па мячу бітай, а пасля злавіць яго, займаюцца больш за 10 дарослых каманд, але ёсць і юніёрскія, і дзіцячыя.
Дарэчы, чэмпіён краіны — каманда са Скідзеля з грознай назвай «Цукровы шторм».
Паглядзець на трэніроўкі і спаборніцтвы ў Мінску, каб вырашыць, ці цікавы для вас бейсбол, можна па адрасе: праспект Пераможцаў, 22.

Забава для багатых

У верасні 2011 за некалькі кіламетраў ад МКАД у Царскім сяле — катэджным пасёлку «Грынвіч» — адкрылася першае ў Беларусі поле для гольфа.
Арыстакратычным відам спорту нарэшце змогуць заняцца нашыя багатыя суайчыннікі. Дарэчы, ужо на Алімпіядзе­-2016 гольф з’явіцца ў праграме спаборніцтваў.
Уменне давесці мяч да лузы клюшкай цэніцца на Захадзе, дзе найлепшыя гальфісты варочаюць мільёнамі даляраў.
Адпаведны і кошт трэніровак. За адзін занятак можна заплаціць $50—80 у залежнасці ад кваліфікацыі трэнера.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?