Большасцю галасоў Грэцыя ўхваліла крэдытнае пагадненне з Еўрасаюзам, паводле якога Афінам будзе прадастаўлена фінансавая дапамога памерам 130 млрд даляраў і спісанне грэцкіх даўгоў прыватнымі крэдыторамі шляхам спецыяльнай бюджэтнай праграмы.

Праграма прадугледжвае захады жорсткай эканоміі, у тым ліку скарачэнне заробкаў і пенсій. Будуць скарочаныя 15 тыс. працоўных месцаў у дзяржсектары,
што дасць штогадовую эканомію памерам 325 млн еўра і пры гэтым зніжэнне мінімальнага заробку з цяперашніх 751 да 600 еўра ў месяц.

У абмен на гэта ЕС абяцае Афінам другі пакет фінансавай дапамогі памерам 130 млрд еўра, а міжнародныя банкі — спісанне часткі грэцкага доўгу.

У Грэцыі не сціхаюць пратэсты супраць гэтых планаў урада. У многіх гарадах Грэцыі ў нядзелю адбыліся шматтысячныя дэманстрацыі.

Прынамсі 7 будынкаў у грэцкай сталіцы былі падпаленыя ў вынікі беспарадкаў.

Паліцыя ўжыла слезацечны газ супраць удзельнікаў шматтысячнай акцыі пратэсту, якая праходзіла на працягу дня каля грэцкага парламента. У паліцэйскіх ляцелі бутэлькі з запальнай сумессю.

Паводле ацэнак паліцыі, у пратэстах у Афінах узялі ўдзел каля 100 тысяч чалавек.

У суботнім тэлезвароце прэм’ер-міністр Грэцыі Лукас Пападымас заявіў, што падзенне жыццёвага ўзроўню ў выніку дэфолту будзе куды больш хваравітым, чым захады жорсткай эканоміі, прапанаваныя ўрадам.

Адмова ад іх, па яго словах, практычна непазбежна прывяла б да дэфолту, за якім можа паследаваць выхад Грэцыі з зоны еўра. Гэта, у сваю чаргу, выкліча гіперінфляцыю, абясцэньванне укладаў, нявыплаты заробкаў у дзяржсектары і рэзкае падаражэнне імпартуемага паліва, тэхнікі і лекаў, заявіў Пападымас.

«Грэцыя — у адным кроку ад прорвы. Сацыяльныя выдаткі урадавай праграмы непараўнальныя з эканамічнай і сацыяльнай катастрофай, якая адбудзецца, калі план не будзе прыняты», — сказаў ён.

Колькасць беспрацоўных у Грэцыі ў лютым пераваліла за мільён, перш за ўсё, у сувязі з масавымі скарачэннямі бюджэтнікаў, і склала каля 20% эканамічна актыўнага насельніцтва. Лідарам па гэтым паказчыку ў Еўропе пакуль застаецца Іспанія, дзе зафіксаваная беспрацоўе на ўзроўні 22,9%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?