Такую прапанову ён зрабіў 20 лютага, прымаючы ў Менску даверчыя граматы ў пасла Японіі Цікахіта Харада.

«Калі вы вырашыце дзесьці пабудаваць атамную станцыю, Беларусь павінна быць у спісе першай. Вы павінны ў нас пабудаваць прыгожую, добрую атамную станцыю, а японцы ўмеюць гэта рабіць, на мой погляд, не горш, а значна лепш за тых, хто ўмее гэта рабіць».

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў аб аварыі на японскай АЭС «Фукусіма», аднак падкрэсліў ён, «гэта не значыць, што мірны атам нікому не патрэбны».

Нагадаем, 15 сакавіка 2011 года Беларусь і Расія падпісалі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве беларускай АЭС, а ў кастрычніку — кантрактнае пагадненне па ўзвядзенні першай чаргі атамнай электрастанцыі. У канцы лістапада мінулага года паводле вынікаў пасяджэння Вышэйшай дзяржрады саюзнай дзяржавы было падпісана міжурадавае пагадненне аб выдзяленні Расіяй дзяржаўнага экспартнага крэдыту на будаўніцтва беларускай АЭС.

Расійскі бок павінен выдаць Беларусі дзяржаўны экспартны крэдыт да 10 мільярдаў долараў для фінансавання 90% кошту двух энергаблокаў атамнай электрастанцыі. Беларусь узяла абавязак выкарыстоўваць крэдыт у перыяд з 2011 па 2020 гады.

Раней заяўлялася, што першы блок беларускай АЭС плануецца ўвесці ў строй у 2017 годзе, другі блок — у 2018-м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?