Змітра Дашкевіча паўторна змясцілі ў штрафны ізалятар глыбоцкай калоніі на 10 сутак, паведаміла нявеста Дашкевіча Наста Палажанка.

Паводле яе слоў, аб паўторным змяшчэнні ў ШІЗА Дашкевіч паведаміў адвакату падчас сустрэчы, якая адбылася 22 лютага.

Сустрэча зноў праходзіла пад пільным кантролем супрацоўнікаў калоніі,
таму ён не змог канфідэнцыйна абмеркаваць з адвакатам пытанні юрыдычнага характару і не сказаў, за што зноў змешчаны ў ізалятар.

«Як паспеў паведаміць Дашкевіч, у калоніі ён не можа чытаць Біблію. Нягледзячы на яго неаднаразовыя просьбы, адміністрацыя калоніі адмаўляецца перадаваць яму Біблію», — сказала Палажанка.

Нагадаем, мінулы раз адвакат сустракалася са Змітром Дашкевічам у пятніцу, 17 лютага, калі ён таксама быў у штрафным ізалятары. Туды асуджаны лідар маладафронтаўцаў быў змешчаны за адмову ўваходзіць у камеру да зняволенага з нізкім сацыяльным статусам, гэтак званага «апушчанага». «Па турэмных правілах, гэта аўтаматычна перавяло б самога Дашкевіча ў такі ж статус. Зміцер адмовіўся ўвайсці ў камеру, за што яго змясцілі ў ШІЗА», — сказала Палажанка.

***

Дашкевіч разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Мінску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Гэта затрыманне прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў. Маладыя людзі былі прызнаныя вінаватымі ў збіванні двух мінчан. 24 сакавіка 2011 года суд прыгаварыў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У верасні Дашкевічу прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?