Кітай у суботу заклікаў сірыйскі ўрад і «усе бакі, што ўдзельнічаюць у канфлікце» неадкладна спыніць усе акты гвалту і заняцца пошукам мірнага выйсця з крызісу, цытуе паведамленне МЗС краіны афіцыйнае кітайскае агенцтва Сіньхуа.

У сваім звароце Міністэрства замежных спраў Кітая заклікала сірыйскі ўрад і паўстанцаў «пачаць шырокі палітычны дыялог без папярэдніх умоваў» пры пасярэдніцтве нядаўна прызначанага ААН і Лігай арабскіх дзяржаў спецпасланніка па Сірыі — былога генеральнага сакратара ААН Кофі Анана.

«Сірыйскі ўрад і ўсе бакі, што ўдзельнічаюць у канфлікце, павінны неадкладна, цалкам і безумоўна спыніць усе акты гвалту, асабліва гвалту ў дачыненні да цывільных асобаў», — гаворыцца ў заяве кітайскага МЗС.

Паводле новых звестак ААН, больш за 7,5 тыс. чалавек загінулі ў Сірыі з сакавіка мінулага года, калі сілы бяспекі краіны пачалі жорстка душыць акцыі пратэсту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?