Сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася міністрамі замежных спраў краін Вышаградскай групы і краін Усходняга партнёрства ў Празе 5 сакавіка.

Удзельнікамі сустрэчы сталі прадстаўнікі Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі (Вышаградская група), Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Украіны (Усходняе партнёрства), а таксама прадстаўнікі Латвіі, Літвы, Эстоніі, Даніі, Вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі Кэтрын Эштан і камісар ЕС па пытаннях пашырэння Штэфан Фюле.

У сумеснай заяве кіраўнікі МЗС краін Вышаградскай групы выказана занепакоенасць пагаршэннем адносінаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю, адсутнасцю прагрэсу ў сферы правоў чалавека ў Беларусі, а таксама рэпрэсіямі з боку ўлад у дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці,
паведамляе Radio Free Europe.

Міністры падкрэсліваюць: аднаўленне дыялогу з афіцыйным Мінскам магчымае толькі пры ўмове змянення яго палітыкі, вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных.

Прэс-служба МЗС Чэхіі таксама паведамляе, што падчас сустрэч было аб'яўлена аб новай ініцыятыве пад назвай "Усходняе партнёрства Вышаградскай групы" (Visegrad 4 Eastern Partnership). Яна нацэлена на падтрымку палітычных і эканамічных рэформ у краінах-удзельніцах Усходняга партнёрства, на паскарэнне палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі паміж імі і ЕС. Ініцыятыва будзе фінансавацца Міжнародным фондам Вышаградскай групы.

Нагадаем, прадстаўнікі Беларусі не бралі ўдзел у пражскай сустрэчы. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Чэхіі Віт Коларж, беларускі бок быў запрошаны на ўзроўні намесніка міністра замежных спраў, але вырашыў не карыстацца такім запрашэннем.

У сваю чаргу прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных заявіў: "Мы прынялі рашэнне не браць удзел у гэтым мерапрыемстве. Удавацца ў дэталі не маем намеру".

Сустрэча ў Празе праходзіла на фоне дыпламатычнага канфлікту паміж Мінскам і Бруселем.

27 лютага Савет міністраў замежных спраў краін ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс неўязных у краіны Еўрасаюза прадстаўнікоў беларускай дзяржавы і ўключыць у яго яшчэ 21 прозвішча. 28 февраля беларускія ўлады рэкамендаваў кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Мора і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку "выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый". У адказ на гэта ўсе краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска.

Вышаградская група была створана 15 лютага 1991 года на сустрэчы прэзідэнтаў Венгрыі, Польшчы і Чэхаславакіі ў Вышаградзе (Венгрыя). Саюз Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі адлюстроўвае імкненне гэтых цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў супрацоўнічаць па шэрагу кірункаў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, у межах еўрапейскай інтэграцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?