Штогадовая цырымонія ўзнагароджання «Рок-Каранацыя» сёлета можа прайсці ізноў у Палацы культуры Маладзечна. Ужо заплянаваная папярэдняя дата правядзення — 31 сакавіка. Арганізатары цырымоніі ўзгадняюць цяпер апошнія дэталі, а журы выбірае пераможцаў. Як паведамляюць у аргкамітэце цырымоніі, прызы будуць уручаныя па 9 намінацыях.

«Рок-Каранацыя» ужо аднойчы праводзілася ў Маладзечна. Праз тры гады арганізатары цырымоніі вырашылі ізноў правеcці мерапрыемства ў гэтым горадзе. «Тут вельмі добрая заля, жвавая і ўдзячная публіка, для якой наш канцэрт будзе сапраўдным святам», — тлумачыць адзін з арганізатараў Павал Кашырын. Плануецца, што «Рок-Каранацыя-2011» пройдзе 31 сакавіка 2012 году ў гарадзкім Палацы культуры. Але афіцыйна пра дату і месца правядзення будзе абвешчана на наступным тыдні. Тады ж і будуць названыя тыя, хто выступіць у межах цырымоніі.

Пакуль жа з сваім выбарам вызначаецца журы «Рок-Каранацыі». Сёлета будуць уручаць прызы ў 9 намінацыях: шэсць асноўных і тры спецыяльныя. Журы будзе вызначаць пераможцаў у наступных намінацыях:

«Рок-гурт году» (галоўны прыз)

«Альбом году»

«Гурт-прарыў»

«Поп-рок гурт году»

«Песня году»

«Падзея году» (лепшы канцэрт)

У склад журы ўваходзяць: прадстаўнік ад музыкаў Алег Хаменка, прадстаўнік ад журналістаў Зміцер Падбярэзскі, рэдактар парталу Ultra-Music Вячаслаў Радзівонаў, а таксама арганізатары цырымоніі Юры Цыбін і Павал Кашырын.

Яшчэ тры ўзнагароды «Рок-князёўна», «За вернасць жанру» і «Традыцыі ды сучаснасць» маюць статус «спэцыяльных прызоў» і будуць уручаныя ад арганізатараў «Рок-Каранацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?