Літоўская гандлёвая сетка Maxima grupė абвяргае звесткі пра тое, што кампанія выходзіць на беларускі рынак,
паведаміла delfi.lt.

«Магу толькі адно сказаць:

на самай справе Maxima grupė ніякага пашырэння ў Беларусі не вядзе», —
сказаў дырэктар дэпартамента па фармаванні іміджу Гедрус Юазапавічус.

Паводле яго слоў,

паведамленні пра развіццё групай бізнэсу ў Беларусі, якія з’явіліся ў друку, — «качка».

12 сакавіка, беларускія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што ў бліжэйшы час у Беларусі пачнецца актыўнае будаўніцтва сеткі літоўскіх супермаркетаў Maxima, а першы супермаркет з’явіцца ў Савецкім раёне Мінска, на скрыжаванні вуліц Шырокай і Багдановіча.

Першым інфармацыю надрукаваў сайт «Мінск-навіны» з спасылкай на Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Там жа карэспандэнту «НН» пацвярджалі, што дазвол Мінгарвыканкама на будаўніцтва «Максімы» ўжо атрыманы.

«Гэта не была афіцыйная інфармацыя, вось адзінае, што я магу пракаментаваць, —
сказала сёння „Нашай Ніве“ супрацоўніца Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва. — Калі хочаце атрымаць афіцыйную, падайце зварот у пісьмовым выглядзе. Ён будзе вельмі хутка разгледжаны». Чыноўніца ўсё ж выказала спадзяванне, што гіпермаркет «можа і будзе пабудаваны».

Дык ці былі планы будаваць «Максіму» ў Мінску?

Пазней «Мінск-навіны» змясцілі ўдакладненую інфармацыю: супермаркет на рагу Багдановіча і Шырокай збіраецца будаваць іншая літоўская кампанія — «Глера Капа».
Інвестары прапрацоўваюць пытанне пра ўдзел у будаўніцтве «вядомых еўрапейскіх сеткавых гандлёвых кампаній».

«Глера Маркет» — літоўская кампанія, якая спадзяецца пабудаваць сетку невялікіх крамаў па ўсёй Беларусі. Пагадненні наконт будаўніцтва заключаныя ў Полацку, Светлагорску, Салігорску, Рэчыцы, Жлобіне і Мазыры. Кожная з дамоў прадугледжвае больш за $1 мільён еўра інвестыцый. Цяпер літоўцы хочуць заняць сваю нішу ў Мінску.

Застаецца няясным: ці то «Максіма» аператыўна «асадзіла назад», спалохаўшыся эканамічных санкцый ЕС, ці то адбылася ўсё ж памылка з назвамі кампаній.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?