Дзяржаўная ветэрынарная і фітасанітарная служба Украіны незадаволена якасцю дакументаў, прадастаўленых Беларуссю ў сувязі з прэтэнзіямі да беларускай прадукцыі, якая ўвозіцца ў краіну, і мае намер правесці інспектаванне заводаў.
Аб гэтым 13 сакавіка паведаміў журналістам кіраўнік службы Іван Бісюк.

Украіна з 1 сакавіка часова прыпыніла ўвоз на сваю тэрыторыю з Беларусі жывёл, а таксама мясной прадукцыі з-за апасення распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней. Таксама з-за сістэматычных парушэнняў, паводле заявы ўкраінскага боку, ветэрынарна-санітарных патрабаванняў (перавышэнне максімальна дапушчальных узроўняў рэшткаў ветэрынарных прэпаратаў у малочных прадуктах) быў часова прыпынены ўвоз беларускага малака і малочных прадуктаў. Украінскі бок заяўляе, што абмежаванні звязаны не з якасцю прадукцыі, а з яе бяспекай.

На сустрэчы кіраўніка Дзяржветфітаслужбы Украіны і галоўнага дзяржаўнага ветэрынарнага інспектара Беларусі Юрыя Піваварчыка, якая прайшла ў Кіеве 2–3 сакавіка, беларускі бок быў праінфармаваны аб выяўленых фактах. Пры гэтым галоўнаму дзяржветінспектару Беларусі быў перададзены пералік пытанняў, аператыўны адказ на якія павінен быў паскорыць вырашэнне праблемы.

«Мы атрымалі на наш апытальнік асноўную частку дакументаў — не ўсе. Але павінен сказаць, што якасць гэтых дакументаў жадае быць нашмат лепшай, чым яна ёсць на сёння.

Зыходзячы з таго, што мы сёння вывучаем і што мы сёння бачым, у нас будзе вельмі шмат пытанняў па гэтых дакументах»,
— сказаў журналістам Бісюк.

Паводле яго слоў, Дзяржветфітаслужба Украіны плануе на гэтым тыдні закончыць апрацоўку пададзеных Беларуссю дакументаў. «На гэтым тыдні закончым апрацоўку дакументаў, якія мы атрымалі, і будзем праводзіць інспектаванне і тое, што нам незразумела ў працэсе вывучэння дакументаў, будзем высвятляць», — дадаў Бісюк.

Пры гэтым ён адзначыў, што не бачыць прычын для ўвядзення Беларуссю забароны на экспарт украінскай прадукцыі. Паводле слоў кіраўніка ведамства, Украіна, уводзячы часовую забарону, дзейнічала выключна ў рамках норм СГА. Пры гэтым ён выказаў надзею, што гэтае пытанне будзе ўрэгулявана ў найбліжэйшай перспектыве.

Як паведамляў БелаПАН, 13 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур’янаў заявіў, што Беларусь разлічвае на аднаўленне паставак мяса-малочнай прадукцыі ва Украіну ў найбліжэйшы час. «Неабходны дыялог на ўзроўні ветэрынарных, санітарных служб наладжаны, вядзецца абмен інфармацыяй, і мы спадзяемся, што аргументацыя беларускага боку будзе правільна ўспрынята і ў найбліжэйшы час пастаўкі мяса-малочнай прадукцыі на ўкраінскі рынак адновяцца», — заявіў Гур’янаў.

Беларусь запрасіла прадстаўнікоў ветслужбы Украіны наведаць 12–15 сакавіка беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?