Як паведамляе з Цюрыха нямецкае агенцтва DPA, Міжнародная федэрацыя хакею з шайбай (IIHF) не выключае, што Беларусі адмовяць у правядзенні чэмпіянату свету па хакеі-2014.

На маючым адбыцца ў маі ў Хельсінкі кангрэсе 70 нацыянальных федэрацый хакею з шайбай абмяркуюць усе «за» і «супраць» што да правядзення першынства ў краіне, якую называюць «апошняй дыктатурай Еўропы.

Заява зробленая пад ціскам уплывовых еўрапейскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, якія лічаць недапушчальным ладзіць такое спартовае свята ў краіне, дзе парушаюцца правы і свабоды чалавека, у тым ліку права на жыццё.

Раней, перш чым з Мінска прыйшлі весткі пра расстрэл абвінавачаных у тэракце ў мінскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, IIHF заявіла, што рашэнне пра чэмпіянат свету ў Мінску будзе прынята сёлета ўвосень. Пры гэтым было падкрэслена, што IIHF — арганізацыя самастойная і непалітычная.

Тым часам з боку кіраўнікоў асобных нацыянальных федэрацыяў, адзначаюць славацкія СМІ, можна пачуць, што яны «не хочуць змешваць спорт з палітыкай», што «хакей вельмі папулярны ў Беларусі, а прэзідэнт краіны вядомы сваёй любоўю да гэтага віду спорту»

У размове з DPA кіраўнік нямецкай федэрацыі Увэ Гарнас адмовіўся каментаваць «беларускае пытанне» і апошнюю заяву IIHF: маўляў, «рашэнне павінен прыняць найвышэйшы орган IIHF — Кангрэс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?