Выйшаў у свет MDNA - першы за чатыры гады новы альбом Мадонны. За тры дні да афіцыйнага рэлізу ён стаў даступны для легальнага праслухоўвання, а ста тысячам першых -- і для запампоўкі.

«Стаў даступны» -- менавіта такой фармулёўкай даводзіцца карыстацца для абазначэння музычных рэлізаў:

новая лічбавая рэальнасць змяніла твар індустрыі такім чынам, што момант, калі запіс робіцца даступным для запампоўкі, легальнай або нелегальнай, і робіцца датай выхаду пласцінкі.

Урачысты пачатак продажаў апоўначы ў абраных крамах, якое практыкавалі выдаўцы Мадонны ў 90-х, -- цяпер доля гандляроў гаджэтамі.

Выхаду цяперашняй поўнаметражнай працы папярэднічалі 2 хіты - сольны Girl Gone Wild і запісаны з удзелам дзвюх вельмі розных зорак, ультрапапсовай Нікі Мінаж і інды-поп-спявачкі MIA, «Give Me All Your Loving». З іншага боку пульта гасцей было больш: спявачка запрасіла цэлую зборную прадзюсараў-зорак -- Бэні Бенасі, The Demolition Crew, дыджэя Марціна Сольвейга; папрацаваў з ёй і яе шматгадовы аўтар і прадзюсар Уільям Орбіт. Раней Мадонна з гатоўнасцю аддавала гук, канцэпцыю, эмацыйны і меладычны сюжэт у рукі аднаго гуказнаўцы. Але выбірала прыдзірліва, быў тое Мірваіс Ахмедзай на Music або Сцюарт Прайс на Confessions on the Dancefloor.

Вынік супольнымі намаганнямі атрымаўся бадзёры, танцавальны, пазітыўны і аднастайны.
За выключэннем, можа быць, вышэйзгаданых трэкаў, на якіх дзве запрошаныя спявачкі выкрыкваюць крычалкі ў адрас мэтрэсы, і яшчэ песні I Don't Give A, у якой Нікі Мінаж па-тэатральнаму лісліва называе Мадонну каралевай. Дадаючы, дарэчы, пасля гэтага «с-с-с-сука» - нягледзячы на тое, што так і было задумана, менавіта гэты момант канчаткова сведчыць: эмцівішная вульгарная Нікі Мінаж побач са сваёй сукаралевай выглядае ярчэйшай і выразнейшай.
Галоўная ж праблема самой гаспадыні балю -- у пэўным разладзе ў адносінах з уласным досведам і векам.

Многім памятны выпадак з альбомам Ray of Light, выхад якога стаў паваротным у лёсе Мадонны: пасля яго спявачку пачалі ўспрымаць сур'ёзна нават тыя, хто да таго лічыў яе дыскатэчнай дурніцай.

Нешта падобнае, толькі ў зваротным кірунку, адбылося пасля выхаду Confessions on The Dancefloor, які стаў яе трыумфальным вяртаннем са свету балад, эксперыментаў і палітычна зараджаных песень у танцавальную музыку; у 2006 годзе не было пласцінкі, больш прасякнутай духам тагачаснай поп-культуры.

Аднак

пасля вяртання на танцпляц Мадонна, здаецца, катэгарычна адмовілася ўспамінаць, чым займалася да таго, і ўжо другую пласцінку запар ладзіць суцэльную весялосць.

У выніку

MDNA нагадвае вечарынку: дыджэй ставіць трэк за трэкам, не даючы публіцы прысесці.
Халера з ім, з развіццём сюжэту і разнастайнасцю мелодый і эмоцый, -- важна, каб народ танчыў. Прычым у дадзеным выпадку можна сказаць, што аўтар сам перажывае прыкладна тое ж, што і публіка: вось ужо другі альбом запар
Мадонна імкнецца паспець за рытмам сучаснасці, якім яна яго чуе (калі б не спрабавала, не было б чуваць, што позніцца), - і ў гэтым ужо трохі нагадвае бабулю, што спрабуе гаварыць з унукам-школьнікам на яго падлеткавым арго.

Але ў любой вечарынкі бывае фінал, і звычайна яму папярэднічае стадыя, калі ўсе рассаджваюцца па канапах, дыджэй за пультам перастае апантана скакаць і ўсім робіцца трохі сумна. На MDNA гэтай фазе адпавядаюць дзве апошнія кампазіцыі --

закаханая Masterpiece і лірычная Falling Free; абедзве быццам просяцца ў саўндтрэк да якой-небудзь пачуццёвай рамантычнай камедыі. Вось гэтыя дзве песні, здаецца, і ёсць тое, што хацела сказаць свету Мадонна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?