Рычард Дурбін, адзін з лідараў дэмакратычнай партыі ў сенаце ЗША, прапаноўвае перанесці з Беларусі не толькі чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, але і іншыя сусветныя чэмпіянаты, у тым ліку — па веласпорце 2013 года.

Сенатар ад штата Ілінойс раскрытыкаваў Міжнародную федэрацыю хакея і спонсараў маючага адбыцца чэмпіянату свету па хакеі. Ён таксама паведаміў, што звярнуўся ў карпарацыю Skoda, а таксама кампаніі Volkswagen, Nike і Reebok з заклікам спыніць фінансаванне правядзення ў Мінску сусветнага першынства. «Ці можна праводзіць такое відовішчнае мерапрыемства, як чэмпіянат свету, калі людзі, якія балатуюцца ў прэзідэнты, сядзяць у турмах і іх катуюць?» — цікавіцца Дурбін.

Сенатар параўнаў Беларусь з Лівіяй, Егіптам, Тунісам, Еменам і Сірыяй, а таксама пералічыў імёны некаторых беларускіх палітзняволеных — Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Паўла Севярынца.

Варта адзначыць, што з ініцыятывай «адхіліць Беларусь ад правядзення чэмпіянату (ЧС па хакеі), «калі Лукашэнка не вызваліць усіх палітзняволеных у краіне», Рычард Дурбін выступіў яшчэ ў красавіку 2011 года.

***

Нагадаем, 29 сакавіка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў нацыянальныя федэрацыі хакея краін — членаў ЕС і ўсіх дэмакратычных дзяржаў звярнуцца ў Міжнародную федэрацыю хакея (IIHF) з прапановай яшчэ раз абмеркаваць магчымасць пераносу чэмпіянату свету па хакеі 2014 года з Беларусі ў іншую краіну датуль, пакуль не будуць вызваленыя ўсе беларускія палітзняволеныя і ўлады не пачнуць паважаць правы чалавека.

Віцэ-прэзідэнт IIHF Калерва Кумала (Фінляндыя) надоечы прызнаўся ў адной з тэлепраграм фінскага тэлебачання, што любыя рашэнні ў дачыненні да чэмпіянату свету ў Мінску ён прымае з цяжкасцю. «Сэрца гаворыць адно, галава — другое», — сказаў ён, падкрэсліўшы, што чэмпіянат свету «аддалі не Лукашэнку, а паспяховай хакейнай зборнай Беларусі».

Кумала таксама паведаміў, што кіраўніцтва Беларусі ў свой час абяцала спыніць пераслед апазіцыі. Аднак сітуацыя да лепшага не змянілася, канстатаваў віцэ-прэзідэнт IIHF.

Заявы пра неабходнасць пазбавіць Беларусь права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі сталі з’яўляцца пасля жорсткага разгону 19 снежня 2010 года ў Мінску апазіцыйнага мітынгу нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

Пытанне пра магчымы перанос чэмпіянату свету 2014 года з Беларусі ў іншую краіну можа быць разгледжаны на кангрэсе IIHF у маі гэтага года.

БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?