30 сакавіка ў Маскве працягваюцца перамовы аб праграме авіяпалётаў паміж Беларуссю і Расіяй, паведаміў БелаПАН намеснік генеральнага дырэктара нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец.

Перамовы авіяцыйных улад Расіі і Беларусі пачаліся 29 сакавіка. Расійскую дэлегацыю ўзначальваў намеснік міністра транспарту РФ Валерый Акулаў, беларускую — дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Вадзім Мельнік.

Вечарам у чацвер Мінтранс РФ распаўсюдзіў паведамленне аб тым, што беларускі і расійскі бакі на перамовах пацвердзілі дзейную праграму авіяпалётаў паміж краінамі да 10 мая.

Аднак, як сцвярджае Ігар Чаргінец, гаварыць пра дасягнутыя дамоўленасці заўчасна, любыя каментары могуць з’яўляцца толькі пасля падвядзення вынікаў перамоў.

«На якой падставе Мінтранс РФ апублікаваў такую навіну — невядома», — заявіў намеснік гендырэктара «Белавія». Падобныя паведамленні могуць распаўсюджвацца толькі пасля падпісання дакумента па выніках перамоў. «Інакш гэта можна расцаніць як націск на адзін з бакоў падчас перамоў», — падкрэсліў Чаргінец.

Як паведаміў напярэдадні Мінтранс РФ, расійскі бок на перамовах прапанаваў выключыць з двухбаковых дамоўленасцяў абмежаванні па колькасці прызначаных авіяпрадпрыемстваў, па частаце выканання палётаў на авіялініях і па правазных ёмістасцях.

Расійская дэлегацыя таксама прапанавала ўнесці ў дадатак да пагаднення аб паветраных зносінах змяненні аб зняцці абмежаванняў па выбары пунктаў на тэрыторыі Расіі для эксплуатацыі беларускімі прызначанымі авіякампаніямі.

Нагадаем, раніцай 26 сакавіка авіязносіны паміж Мінскам і Масквой былі спыненыя на чатыры гадзіны. Федэральнае агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя) адклікала дазвол на выкананне кампаніяй «Белавія» рэйсаў з Мінска і Масквы.

На экстраннай прэс-канферэнцыі Ігар Чаргінец паведаміў: праблема ўзнікла ў сувязі з жаданнем расійскага боку парушыць парытэт і выконваць пяць рэйсаў на дзень замест чатырох. Аднак, адзначыў ён, ёсць пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі ад 1997 года, якое прадугледжвае камерцыйны парытэт у авіязносінах паміж Мінскам і Масквой. На пытанне, чаму «Белавія» не можа таксама арганізаваць пяць рэйсаў у дзень, як хоча таго расійскі бок, Чаргінец растлумачыў, што гэты напрамак цяпер «камерцыйна неэфектыўны». Сярэдняя загружанасць рэйсаў, паводле яго слоў, складае 55%, што вядзе да страт авіякампаніі, а далейшае павелічэнне колькасці рэйсаў яшчэ больш знізіць іх эфектыўнасць.

У сваю чаргу Мінтранс РФ лічыць, што дзейнае паміж Расіяй і Беларуссю пагадненне аб паветраных зносінах не адпавядае пагадненню аб агульнаэканамічнай прасторы і нормам Мытнага саюза, заявіў 27 сакавіка намеснік міністра Валерый Акулаў.

У адказ на гэта гендырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў заявіў: беларускі бок лічыць непрымальнымі ўмовы, якія дыктуюцца Расіяй. «Лічым, што нечаканае адкліканне Расавіяцыяй раней выдадзенага дазволу, які прывёў да спынення рэгулярных паветраных зносін паміж дзвюма сталіцамі, быў справакаваны ААТ „Аэрафлот“ з мэтай атрымання перавагі на беларускім рынку авіяперавозак, — падкрэсліў ён. — Мы гатовыя да канкурэнцыі, і гэта пацвярджае прысутнасць на беларускім авіярынку значнай колькасці міжнародных авіякампаній. Аднак умовы, якія дыктуюцца нам расійскім бокам, непрымальныя, бо ў першую чаргу фарміруюць на рынку нездаровую канкурэнцыю, якая выцясняе іншых удзельнікаў рынку і ў канчатковым выніку адаб’ецца на інтарэсах пасажыраў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?