ЗША і краіны Еўрасаюза палягчаюць санкцыі супраць М'янмы (іншая назва — Бірма) пасля таго, як у краіне прайшлі дэмакратычныя выбары. Паслабленне абмежаванняў толькі часовае, бо дэмакратычным шляхам прайшло не ўсё галасаванне цалкам, а толькі давыбары прыкладна дзясятай часткі дэпутатаў. Поўную перамогу на гэтых давыбарах здабыла апазіцыя: Аунг Сан Су Чжы і яе саюзнікі атрымаюць 43 мандаты з 45. Аднак бірманская палата прадстаўнікоў у цэлым застаецца пад кантролем прызначэнцаў вайсковай хунты, якая кіруе краінай. Асноўны этап выбараў, год таму, не быў дэмакратычным, і апазіцыя байкатавала яго.

Дзяржсакратарка ЗША Хілары Клінтан заявіла пра паслабленне фінансавых абмежаванняў у дачыненні да краіны, дазволіла вольны ўезд у Амерыку лідараў М'янмы, а таксама аб поўным аднаўленні дыпламатычных адносін. Аналагічныя крокі зробіць Еўрасаюз.

На саміце краін Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), які прайшоў у сераду, азіяцкія лідары заклікалі адмяніць усе санкцыі супраць М'янмы. На іх думку, гэты крок станоўча адаб'ецца на эканоміцы краіны і на яе шляху да далейшага дэмакратычнага развіцця.

Аунг Сан Су Чжы ўпершыню асабіста ўдзельнічала ў выбарах пасля 1990 года. Тады яе партыя перамагла, але ўлады арыштавалі Су Чжы, а парламент разагналі. Аунг Сан Су Чжы агулам правяла пад хатнім арыштам 15 гадоў.

У выніку доўгай дыктатуры М'янма ператварылася ў адну з самых адсталых краін свету. Таму кітайскі ўплыў у ёй пачаў рабіцца ўсёпранікальны. Аналітыкі мяркуюць, што рэжым зразумеў: яму патрэбная процівага ў выглядзе заходніх інвестыцый і падтрымкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?