Для сапраўды камфортнага пражывання сям’і з чатырох чалавек трэба хоць бы чатыры пакоі. А гэта ўжо кватэра на 90 квадратных метраў. У шматкватэрным доме на ўскраіне такая каштуе каля 90 тысяч даляраў. Сума немаленькая. А за яе атрымліваеш у нагрузку не заўсёды прыемных суседзяў, адсутнасць паркоўкі, гарадскі смог. Што характэрна — калі гэтыя грошы ўкласці ў будаўніцтва прыватнага дома, камфорту атрымаеш значна больш.

Драўляны дом

Дрэва — самы экалагічны матэрыял, а тоўсты брус — яшчэ і значна больш цёплы, чым цэгла. Самы танны варыянт пабудовы драўлянага дома — купіць гатовы зруб і перавезці. Адшукаць даволі новы і якасны можна ў далёкай вёсцы за 3–5 тысяч даляраў, з разборкай-перавозкай-зборкай ён абыдзецца ў 8 тысяч. Плюс падмурак — ад 5 тысяч, дах (зноў-такі каля 5 тысяч), плюс правядзенне камунікацый унутры (толькі электрычная разводка абыдзецца ў 600 даляраў — калі ўсё рабіць правільна). Укладваць трэба будзе ў аздабленне, прыбудовы. З мінусаў такой пабудовы — агульныя плошчы вясковых зрубаў: 50 — 70 квадратаў. А таму такія дамы, хоць і абыходзяцца ў выніку прыкладна ў 40 тысяч, у якасці жылля для сям’і павышаным попытам не карыстаюцца.

Яшчэ адзін варыянт — замовіць драўляны дом пад ключ. Мы нагледзелі праект хаты з дыхтоўнага ацыліндраванага бруса, агульнай плошчай 130 квадратных метраў. Дах — металадахоўка. Кампанія-вытворца запэўніла, што здаць гэты дом пад ключ (гэта значыць стаў мэблю, тэхніку і засяляйся) яна возьмецца за 60 тысяч даляраў. Але спецыялісты кампаніі ўдакладнілі, што асобна давядзецца плаціць за падвядзенне камунікацый і сістэму ацяплення. А толькі ацяпленне, у залежнасці ад канструкцыі, выцягне ад 8 да 15 тысяч даляраў.

— Гэта значыць, 130 квадратных метраў у выніку абыдуцца ў 70–80 тысяч даляраў? — паспрабавалі мы ўдакладніць.

— Больш дакладныя лічбы будуць залежаць ад начынкі, аздаблення і г.д. Але так, метр у нашым гатовым доме абыдзецца ў выніку даляраў у 700–800.

Асобнае пытанне — колькі зойме будаўніцтва. Калі дом заказваць, а не будаваць самому — ад васьмі месяцаў да 1,5 года. Па сутнасці, столькі ж чакаюць тыя, хто ўступіў у долевае будаўніцтва.

Дом з блокаў

Для будаўніцтва добрага дома неабходны праект. Ідэальны варыянт — замовіць яго ў архітэктара ці забудоўшчыка. Ён будзе каштаваць ад 400 да 900 даляраў. Інжынерна-геалагічныя росшукі пад будаўніцтва абыдуцца яшчэ ў 1000–1200 даляраў.

Хата з цэглы або газасілікату цяжкаваты, пад яго запатрабуецца вялікі падмурак, які выцягне з кашалька разам з коштам земляных работ яшчэ каля 6–8 тысяч даляраў. Дарэчы, такія дамы спажываюць шмат энергіі ўзімку, іх давядзецца ўцяпляць, а гэта дадатковыя выдаткі.

У прынцыпе разлічыць, у колькі выльецца будаўніцтва дома ўласнымі сіламі, складана. Але людзі, што дабудавалі свае дамы, кажуць: абышлося ўсё ж такі танней, чым 1000 даляраў за квадратны метр.

Новыя тэхналогіі

Эра амаль бясплатнай энергіі праходзіць, і цяпер любы, хто будуе дом, ужо задумваецца, колькі гэты дом будзе спажываць на абаграванне. Таму ўсё папулярнейшымі робяцца драўляныя дамы і дамы з нетрадыцыйных матэрыялаў, напрыклад, каркасныя ўцепленыя і дамы з няздымнай апалубкі. Абодва варыянты, дарэчы, лёгкія і патрабуюць менш выдаткаў на падмурак. Акрамя таго, сцены дома з няздымнай апалубкі можна ўзвесці за тры тыдні сілай двух чалавек. Абыдуцца яны адсоткаў на 30 танней, чым сцены з газасілікату. Дом будзе трывалым і цёплым — але на сценах і падмурку эканомія заканчваецца. Астатняе будзе каштаваць столькі ж, колькі і пры пабудове звычайнага цаглянага дома.

Каркасныя дамы (драўляны каркас, сцены са шматслойных пліт і ўцяпляльніка) фірмы прапануюць пад ключ. Для нас яны навінка, але ў Канадзе, дзе клімат не лепшы, яны шырока распаўсюджаныя. Фірмы, гатовыя пабудаваць каркасны дом пад ключ, абяцаюць, што абыдзецца дом у 300 даляраў за квадратны метр. Але паводле грубых падлікаў дом на 100 квадратных метраў з усімі камунікацыямі, унутраным і вонкавым аздабленнем, у які можна прывезці мэблю і засяліцца, абыдзецца ў 550–650 даляраў за квадратны метр. Танней за панэльку на мінскай ускраіне.

Маленькі дом за 20 тысяч

На рынку прыватнага домабудавання з’явіўся яшчэ адзін цікавы і недарагі від жылля — мабільны дом. Дом гэты не мае патрэбы ў рэгістрацыі і нават у падмурку — яго прывозяць на ўчастак ужо змантаваным, усталёўваюць, падлучаюць да камунікацый (калі камунікацыі ёсць). Дом складаецца з каркаса і панэляў сцен. Вытрымлівае маразы да -20. Вытрымае і -30, але электрычнасці на ацяпленне з’есць больш за звычайны. Дамкі стандартнай шырыні — 3,8 метра. А вось даўжыня можа быць да 12 метраў. Самы маленькі дамок — 24 метры, вялікі мабільны дом — 44 квадратных метры. Метр абыдзецца пакупніку ў 400 даляраў без аздаблення і ў 600 даляраў — з аздабленнем. З аздаблення абяцаюць не толькі дзверы і вокны, але і сантэхніку, электрыку, падлогу з ламінату або дывановага пакрыцця, сцены і столь, абклееныя шклошпалерамі.

Маленькі трохпакаёвы 24-метровы дамок ужо з мэбляй у кухні-гасцёўні, дзіцячым пакоі, спальні, з коўдрамі, падушкамі, шторамі, люстэркамі і бра абыдзецца пакупніку ў 20 тысяч даляраў. Глядзіцца, праўда, не зусім — скрыначкай. Але вытворца гатовы прыбудаваць да яго за дадатковую плату драўляную крытую веранду — і домік ператвараецца ў месца, дзе хочацца жыць. Прынамсі летам.

Будзь у курсе

Першае, з чым сутыкнецца чалавек, які хоча пабудаваць дом, гэта праблема пошуку зямлі. У 20-кіламетровым прыгарадзе Мінска можна знайсці прыватызаваны ўчастак у наяўнай катэджнай забудове, да якога ўжо падведзеныя камунікацыі. Кошты пачынаюцца ад 10 тысяч даляраў за 12 сотак. Каб завесці камунікацыі ў дом, разлічваць трэба яшчэ на 5–8 тысяч даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?