Да пачатку працы было яшчэ больш за гадзіну. На маё пытанне наконт часу ён адказаў наступнае: «Дырэктарскі лес пілаваць будзем. Некалькі дзён таму прыпёр дырэктар лес, ці то свой, ці то якога сябра, ну і „просіць“, каб мы яго распілавалі, а ў нас лінія балансавым лесам занятая, ну, пачыкрыжылі яго як мага хутчэй, а сёння пачнем з дырэктарскага».

Неяк так атрымалася, што ў цяперашніх уладароў, ад самага верху да кіраўніка невялікага будаўнічага трэсту, апынуліся ў руках лясы, зямля, нерухомасць, сродкі вытворчасці. А просты народ пілуе, будуе, страчвае здароўе дзеля дабрабыту кучкі нікчэмных прыстасаванцаў.

Вось такая сацыяльна арыентаваная эканоміка.

Кожны, хто паразмаўляе з рабочым са сферы дзяржаўнай вытворчасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, пачуе пра безгаспадарлівасць, пастаўкі няякаснага абсталявання, крадзеж велізарных сродкаў падчас будаўніцтва, асабліва ў раёнах, пра зневажальнае стаўленне да падначаленых і г.д.

Палохае тое, што да гэтага прызвычаіліся як да нормы, маўляў, ну былі б вы на іх месцы.
Але мы на сваім месцы і не лезлі са скуры, каб апынуцца на месцы цяперашніх халуёў рэжыму, бо каб апынуцца на згаданым месцы, трэба прайсці сіта лукашызму.

Сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, трымаецца на адмоўных чалавечых якасцях, якія ён культывуе ва ўсім грамадстве. Што ж трэба, каб трапіць на тое самае месца? Асноўнае тут — гэта адсутнасць асабістых поглядаў і поўная маўклівая згода з курсам кіраўніцтва. Астатняе — хамства, падхалімаж, прага да нажывы любой цаной — гэта ўжо вытворнае ад першага, з аднаго боку, а з другога — перайманне паводзінаў і сістэмы каштоўнасцяў па вертыкалі зверху ўніз. Ці можа быць выключэнне з гэтага правіла? Так, напэўна, ёсць людзі ва ўладзе, якія хоць часткова разумеюць той негатыўны вынік, які мы маем дзякуючы сістэме, тыя, хто, як і бальшыня, маўчыць ды баіцца за працу і родных. Але мы іх не ведаем і не чулі пра іх, бо яны хаваюцца.

Людзям, якія прайшлі праз «сіта», не трэба быць спецыялістамі ў сваёй справе, не трэба працаваць дзеля высакароднай мэты, не трэба напружана думаць, вырашаючы складаную задачу.
Але трэба падпарадкоўвацца, а калі думаць, то толькі над тым, як найлепш дагадзіць кіраўніцтву, і душыць, душаць ніжэйшых на гэтай вертыкальнай небяспечнай лесвіцы. Падпарадкоўвацца, дагаджаць і душыць дзеля ўласнага дабрабыту і баяцца страціць месца. Усе станоўчыя маральныя якасці могуць толькі пашкодзіць на дарозе да карыта. Навошта студэнту вучыцца? Патрэбны толькі дыплом. Навошта ашчадна ставіцца да грошай, якія зарабляюць бацькі? Трэба толькі ўступіць ў БРСМ і атрымаць квіткі на танныя абеды ды пакой у інтэрнаце. Так лукашэнкаўская сістэма ўводзіць сваю амаральную ін’екцыю грамадству на розных узроўнях і розным пакаленням. І пэўная катэгорыя паддаецца гэтай заразе.

Тыя ж, хто цалкам страціў маральны імунітэт, перастаў змагацца з гэтай хваробай, у сваім падзенні гатовыя цяпер да многіх вычварэнстваў. Не, яны не палезуць на барыкады, не ўздымуць сцяг, не стануць галадаць за ідэю. А вось вынесці несправядлівы вырак, сфальсіфікаваць справу, звольніць з працы ці адлічыць з навучальнай установы, паламаць жыццё любому, хто перашкаджае атрымліваць асалоду ад матэрыяльных выгод і прыемнай дрымоты свядомасці, — гэта яны не толькі змогуць, але і зробяць абавязкова.

Зразумела, што такая сістэма зможа прывесці дзяржаву і народ толькі да адмоўных вынікаў.
Вось прыклад: старшыня ЦВК кажа, што параза цяперашняга прэзідэнта стане для яе асабістай паразай (неяк так, прабачце, дакладна не памятаю). І так усюды: у лукашэнкаўскіх сатрапаў не хапае розуму нават фармальна прытрымлівацца законаў і нормаў, дзеля якіх яны прынятыя на працу, бо ў жаданні дагадзіць кіраўніцтву губляецца і розум, і сумленне. Самыя яскравыя прыклады акрабатычных практыкаванняў з элементарнай аб’ектыўнасцю даюць, зразумела ж, праўладныя СМІ: колькі хлусні, бруду і непрафесіяналізму выліваюць яны штодня на сваю аўдыторыю! І я не веру, што гэтыя людзі могуць нешта змяніць у справе развіцця свабоды і іншых агульначалавечых каштоўнасцяў у нашай дзяржаве. Усё, што яны могуць, — гэта падпарадкоўвацца, дагаджаць і душыць.

Адкуль яны узяліся на нашую галаву, гэтыя бяздарныя лукашысты, каты ў форме і без, цынічныя, прадажныя дыктары і вядучыя, што хлусяць нам у вочы, расказваючы нам, як добра жыць на ланцугу?

Трэба прызнаць, што на першых і адзіных выбарах прэзідэнта незалежнай Беларусі за Лукашэнку прагаласавала 80% у другім туры, удзел у якім узялі 56% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Але потым у нас адабралі свабоду слова, свабоду сходаў і самі выбары і не далі выправіць памылку. Хочацца напомніць усім прыкарытным дзеячам, што, паколькі выбараў няма, народ мае права скінуць з сябе навалач і выбраць законную ўладу. Магчыма, мы пакуль яшчэ не маем дастаткова духу, але права такое ў нас ёсць, помніце пра гэта, калі будзеце тварыць свае брудныя справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?