У Крычаве 13 мая прайшоў круглы стол, дзе былі разгледжаны гістарычныя і сучасныя асаблівасці мясцовага самакіравання ў святле Магдэбургскага права, 380-годдзе надання якога будзе адзначацца ў раённым цэнтры ў 2013 годзе.

Як паведаміў адзін з арганізатараў круглага стала Мікалай Гердзій, ідэя мерапрыемства заключаецца ў тым, каб паказаць грамадскасці горада, што пытанні самакіравання, выбарнасці мясцовых органаў улады маюць гістарычныя карані.

«Магдэбургскае права — гэта адзін з момантаў, які дазваляў гораду развівацца. У Еўропе мясцовае самакіраванне развіта таму, што насельніцтва бярэ актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Яно кантралюе мясцовую ўладу, і дзякуючы гэтаму ідзе паступальнае развіццё», — упэўнены грамадскі актывіст. Паводле яго слоў, мэта круглага стала — «разбудзіць грамадскую свядомасць, перакінуць мост да актуалій сённяшняга дня».

Як зазначыў Гердзій, на старонках малатыражнай крычаўскай газеты «Вольны горад» ужо выйшла некалькі матэрыялаў на тэму Магдэбургскага права, выдадзена брашура па пытаннях мясцовага самакіравання, прадугледжваецца выпуск брашуры і па выніках круглага стала.

Падчас мерапрыемства выступілі магілёўскія гісторыкі Аляксандр Агееў і Ігар Пушкін. Арганізатары круглага стала спадзяюцца, што яны, а таксама крычаўскі гісторык Андрэй Мяцельскі змогуць, папрацаваўшы ў архівах, сабраць дастатковы матэрыял для выдання гістарычных звестак пра Магдэбургскае права ў Крычаве.

Сярод дзеянняў на перспектыву, якія вызначылі 25 удзельнікаў мерапрыемства, — дабівацца перайменавання вуліц у Крычаве, устаноўкі памятнага знака ў гонар набыцця горадам Магдэбургскага права, узвядзення ратушы і помніка каралю Уладзіславу IV Вазу, які дараваў гэта права крычаўлянам у 1633 годзе.

Варта нагадаць, што ў часе беларуска-расейскай вайны XVII ст., у часе аблогі Крычава жыхары горада адмовіліся здацца праціўніку на ўмове выдачы жыдоў, якія пражывалі ў горадзе. Яны аргументавалі адмову тым, што яны такія ж вольныя грамадзяне горада, як і ўсе астатнія. Крычаў у выніку быў узяты і знішчаны, як і большасць усходнебеларускіх гарадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?