А потым купіў хатку ў вёсцы, даў ёй імя на французскі манер і зрабіў яе Меккай для аматараў этна і року.

Сустрэчу Шаблінскі прызначыў у мінскім «філіяле» хутара Шаблі — у хатнім офісе ў раёне парка Чалюскінцаў.

— Я тут нарадзіўся і ведаю кожнае дрэва. Увесь парк быў калісьці маім вялікім дваром, — усміхаецца Уладзімір, запрашаючы ў кватэру. — Таму месца для офіса выбралі тут.

Пакуль гаспадар заварвае гарбату, аглядаюся. Ні стала, ні лядоўні на кухні няма. Са сцяны на мяне глядзіць партрэт Шаблінскага з бітай. У адрозненне ад сябе сённяшняга, ён не падобны да Пуціна.

— Уладзімір, а чаму вы тут з бітай? — цікаўлюся.

— Гэта старая гісторыя. Я тады быў дырэктарам NRM, і на гастролі даводзілася ездзіць з бейсбольнай бітай. У ліхія 90-я яна была атрыбутам дзелавога чалавека. Дарэчы, біта імянная. Жонка прывезла яе з Алабамы.

На сцяне ў пакоі — старая афіша з аўтографамі музыкаў і віншаваннямі з днём нараджэння.

— Калісьці мы збіраліся тут з сябрамі на вячоркі, — кажа Шаблінскі. — Цяпер народ прыязджае на хутар.

Два гады таму я, карэнны мінчук, які пражыў усё жыццё свядома ў сталіцы, выпісаўся з горада, купіў хатку ў вёсцы Малое Запруддзе і стаў калгаснікам, як смяецца мая жонка Аксана. Я закахаўся ў Валожынскі край і зразумеў, што хачу пражыць там найлепшую частку свайго жыцця. Гэты хутар зрабіўся нашым домам. Чатыры дні мы жывем у горадзе, тры — у вёсцы. Спадзяюся, калі дзеці падрастуць, мы з Аксанай цалкам прывядзем у парадак дом, пераедзем і зажывем (усміхаецца).

Я вырашыў падняць хутар як агратурыстычную сядзібу і цяпер вяду бізнэс у сельскай мясцовасці. Прыватнае прадпрыемства «Шаблі» плаціць там падаткі, і я гэтым вельмі задаволены.

— Уладзімір, у чым, па-вашаму, асаблівасць вядзення бізнэсу ў вёсцы?

— Гарадскія жыхары, якія пачынаюць бізнэс на вёсцы, у першую чаргу думаюць, як выкарыстоўваць падатковыя льготы, якія даюцца заканадаўствам. На маю думку, гэта няправільны падыход.

Мая жыццёвая канцэпцыя заключаецца ў тым, што адраджэнне краіны можа адбыцца толькі тады, калі пачне развівацца сельская мясцовасць. Трэба рэгістраваць тут прадпрыемствы, плаціць падаткі ў мясцовыя пасялковыя саветы, якія значна лепш распарадзяцца гэтымі грашыма, таму што яны ведаюць прадметныя патрэбы. Калі на вёсцы будзе развівацца бізнэс, датацыі сельскай гаспадарцы не спатрэбяцца.

— Я гляджу, вы салідарны з кіраўніком дзяржавы, які загадаў будаваць аграгарадкі і адпраўляць на сяло выпускнікоў ВНУ…

— У плане развіцця вёскі я цалкам яго падтрымліваю. Скажам так, шляхі могуць быць розныя, але мэты супадаюць.

У нас ёсць сябры, якія жывуць за сто кіламетраў ад Варшавы. Мы знаёмыя ўжо 10 гадоў. Яны лічаць, што Польшча паднялася з каленяў толькі дзякуючы таму, што гарадскія жыхары пачалі масава купляць дамы і ўчасткі ў вёсцы. Яны ўкладвалі свае веды ў апрацоўку зямлі, грошы — у прывядзенне дамоў у парадак. У выніку Польшча зрабілася паспяховай сельскагаспадарчай краінай Еўропы з велізарнай катэджавай забудовай.

Я расказваю сябрам, якія да мяне прыязджаюць, што ёсць закінутыя хутары, якія ўжо пачынаюць зносіць бульдозерамі, і іх можна выкупляць. Можна знайсці нашчадкаў, дапамагчы ім уступіць у спадчыну, калі яны не могуць гэтага самі зрабіць, набыць у іх дом і будавацца.

З дзясятак маіх знаёмых, у тым ліку акторка Аня Хітрык, музыка Дзіма Вайцюшкевіч, купілі хаткі ў вёсцы. Яны ставяцца да гэтай зямлі як да сваёй. І гэта нашая маленькая заслуга.

Я бачу, як закінутыя хаты пачынаюць прыводзіць у парадак, як яны адраджаюцца. Мясцовыя органы самакіравання атрымліваюць больш падаткаў, і рэгіёны развіваюцца.

— Вы ў сябе на сядзібе абзавяліся жыўнасцю?

— Мы вырошчваем траву і праводзім на ёй канцэрты (смяецца). У нас няма вопыту вырошчвання жыўнасці, і каб весці асабістую падсобную гаспадарку, трэба там знаходзіцца пастаянна. Затое мы паспяхова змагаемся з пустазеллем і рэканструюем старыя пабудовы.

Мінулы год — крызісны — мы адпрацавалі ў цэйтноце. Вонкава гэта было незаўважна, але мы гэта адчулі. За зіму я вырашыў, што буду праводзіць на хутары 3 мерапрыемствы ў летні сезон. Мы не ставім задачы збіраць 100 тысяч чалавек па цане 1 даляр за ўваходны білет і ставіць на вушы ўвесь раён.

Склалася кола сяброў, якія прыязджалі на хутар у выходныя. Гэтыя людзі ведаюць месцы, давяраюць нам як арганізатарам і разумеюць, што ў нас добра і бяспечна. Можна прыехаць з дзецьмі і не турбавацца за іх. У нас на фестывалях, якія збіраюць тысячу чалавек, бегае каля ста дзяцей. Ім нясумна, бацькоў не тузаюць. Усе задаволеныя. Мае дзяўчаты там кіруюць. Робяць сувеніры, малюнкі, вырабы, пачынаюць іх прадаваць у рамках фестывалю.

Нядаўна праводзіўся дзень адчыненых дзвярэй на аграсядзібах. Да нас прыехала каля 40 чалавек сяброў. У выніку дзяўчаты зарабілі па 100 і 200 тысяч рублёў. Я падумаў, што хутка можна будзе не даваць ім грошай на кішэнныя выдаткі (смяецца).

Дык вось, я запланаваў на лета 3 фестывалі, якія збяруць ад тысячы да трох тысяч чалавек. Да нас прыязджае разумная дарослая публіка. За ўвесь час, што мы працуем, не было ніводнага крадзяжу, ніводнай праблемы на паркоўцы. Хоць мы паркавалі па 600 машын на фестывалі. П’яным за руль ніхто не садзіцца. Людзі разумеюць, што калі выпіў віна ці піва — спі ў намёце і адпачывай.

У адсутнасці канфліктных сітуацый на фестывалях ёсць заслуга Валожынскага РАУС, які добразычліва ставіцца да людзей, нашых валанцёраў і саміх музыкаў. І ў першую чаргу да гледачоў. Усе едуць з адчуваннем свята — як да сябе дадому. Мне б вельмі хацелася гэта захаваць і ў далейшым. Паўтары тысячы чалавек на пляцоўцы, а адчуванне хатняга сямейнага адпачынку застаецца ва ўсіх.

— Як валожынскія ўлады паставіліся да таго, што вы іх ашчаслівілі сваім прыездам?

— Як мне сказаў адзін чыноўнік з выканкаму, «Уладзімір Барысавіч, мы да гэтага часу не можам вызначыцца, вашае з’яўленне ў раёне — гэта дабро ці зло».

Разумею, што я не вельмі зручны жыхар. Была ціхая сельская мясцовасць, і раптам пасяліліся мінчукі і пачалі праводзіць шумныя мерапрыемствы.

Іншая рэч, што прыезд мінчукоў вельмі падабаецца мясцовым крамкам, таму што іх размятаюць цалкам, робячы ім месячную выручку, і яны спецыяльна пад фестываль заказваюць больш тавараў. Іншая рэч — нейкі трафік. Людзі, якія гуляюць па вёсках. Мы водзім народ на экскурсіі або паказваем, што вось там ёсць вёска Лоск, са старажытным гарадзішчам, касцёлам драўляным.

Мясцовыя жыхары спачатку з асцярогай ставіліся, а цяпер я для іх «наш Воўка». Яны прыходзяць на фестывалі. Мы, натуральна, пускаем бясплатна бабуль і мясцовую моладзь. Некаторыя саромеюцца — садзяцца на пагорках і адтуль слухаюць J:MORS ці «Крамбамбулю». Моладзь з Валожына купляе квіткі і з задавальненнем у нас тусіць.

Але ўлада з асцярогай ставіцца да нас, таму што ёсць грамадскі рэзананс нашых мерапрыемстваў. Я думаю, што нашыя адносіны робяцца больш прыязнымі. Можа быць, райвыканкам нават стане партнёрам фэстаў.

Акрамя таго, я ўдзячны майму сельсавету. Калі мне трэба пакасіць траву, з арэндай тэхнікі ў мяне праблем няма, нават у гарачую пару, калі ідуць пакосы і ўборкі. Можа быць, з боку мясцовых уладаў нашыя адносіны не выглядаюць такімі вясёлкавымі (усміхаецца).

Зразумела, што калі я прыводжу «Крамбамбулю» ці Дзіму Вайцюшкевіча, узнікаюць пэўнага роду трэнні, але ў выніку ўсё вырашаецца.

— Уладзімір, але тры мерапрыемствы за лета не прыносяць такога прыбытку, як, напрыклад, канцэрты кожныя выходныя.

— Я б сказаў, што пакуль гэта зусім не прыбыткова.

— Гэта значыць, вы працуеце ў мінус?

— Пакуль што так. Заробленае за зіму траціцца на лета.

Я хачу, каб брэнд «Хутар Шаблі» рабіўся ўсё больш папулярным. Грошай на банеры ў горадзе няма. Чым мы можам раскручваць наш хутар? Толькі добрым імем і атмасферай. Таму мы запрашаем: «Сябры, прыязджайце на канцэрты і на выходныя да нас на пікнікі».

Мы працуем на будучыню. Калі на аграсядзібе «Хутар Шаблі» будзе міні-гатэль, які можна будзе здаваць круглы год, зімой народ будзе на лыжах катацца, летам — на квадрацыклах. Мы хочам вычысціць даліну ракі Буянкі, пракласці веласіпедны маршрут. Фестывалі — гэта спосаб падтрымаць на плыву імя хутара Шаблі, даўгачасная піяр-кампанія. Дарэчы, у пачатку лета мінулага года мы ў пошуку Google былі на першым месцы, абагнаўшы Хундай. Калі ўвесці 2 літары х і у, выскокваў хутар Шаблі.

— У якой ступені вас крызіс закрануў?

— Мы паменшылі колькасць мерапрыемстваў, у якія інвеставалі грошы. Мы мікрафірма, кажучы юрыдычнай мовай. Значную долю нашай працы складалі заказы ад фірмаў на правядзенне мерапрыемстваў, у тым ліку карпаратываў. У выніку крызісу гэтыя заказчыкі сышлі. Калі раней вазілі расійскіх выканаўцаў, то цяпер многія спрабуюць абыходзіцца беларускімі і да таго ж эканомяць — праводзяць карпаратывы самі. Але ў нас застаюцца пастаянныя заказчыкі, якія ўсе гады з намі працуюць.

— Як чалавек, які працуе з многімі артыстамі, скажыце, у беларускіх выканаўцаў наогул ёсць такое паняцце як райдар?

— Так, вядома. Ва ўсіх ёсць. Ёсць бытавы райдар — колькі бутэлек мінералкі павінна стаяць на сцэне, і тэхнічны райдар — якая колькасць мікрафонаў павінная быць.

— А ў каго самыя складаныя райдары?

— Складаныя райдары ў заходніх зорак. Як правіла, у Беларусі праз адсутнасць грошай у шоу-бізнэсе няма таго абсталявання, на якім яны прывыклі выступаць. Асцерагаешся, што ў бытавым райдары замежнага выканаўцы будзе прапісаны, напрыклад, нумар люкс, задрапіраваны ў бэзавы колер. Калі гэтага ў райдары няма, то ён просты.

Шматлікія гурты, якія выступаюць толькі ў Беларусі, маюць зачаткавыя райдары, якія на словах агучваюцца: нам трэба 5 мікрафонаў, барабаны… Ніхто не патрабуе смажанае парася падаваць у нумар.

— Чым будзеце завабліваць публіку гэтым летам?

— 30 чэрвеня мінскі клуб «Графіці» праводзіць у нас фестываль ПІКНІК.BY. 14 ліпеня — фестываль шаманскай музыкі з рамантычнай назвай «Сон у летнюю ноч». Прыедзе легендарны калектыў з Піцера «Оле Лукойе», будуць шаманы з Латвіі і Літвы. На 25 жніўня запланаванае «Вольнае паветра».

У будучыні хацелася б правесці вялікі бардаўскі фестываль — аналаг Грушаўскага, які аб’ядноўвае краіны Балтыі, Украіну і Беларусь.

— Калі да вас з прапановай арганізаваць канцэрт звернецца, скажам, Саладуха…

— А чаму не? Як гэта ні дзіўна, на маю думку, Саладуха — пазітыўны чалавек. Пры тым, што я яго не слухаю і гэта не мая музыка. У той жа час у мяне ёсць сябры-музыкі, якія нясуць энергію з дэструктыўным зарадам. І я ніколі не вазьмуся за арганізацыю іх канцэртаў.

— Пасля выступу гурта «Лайтсаунд» на «Еўрабачанні» Лукашэнка прызнаў, што мы змарнавалі велізарныя грошы, а вынік ніякі. На вашую думку, што трэба, каб перамагчы на гэтым конкурсе?

— Я лічу, што трэба перастаць клапаціцца пра «Еўрабачанне». І ў першую чаргу прэзідэнту. Усё павінна адбывацца шляхам натуральнага адбору, без умяшання дзяржавы і ідэалагічных рычагоў. Гэта павінна быць асабістай справай тэлеканала.

Прадставіць нашую краіну можа хто заўгодна: «Аляксандра і Канстанцін», якія першыя ў Беларусі штурмавалі «Еўрабачанне», J:Mors, NRM, Саладуха. Гэта могуць быць малазапрудскія бабулі. Ці Гюнеш. Гэта можа быць хто заўгодна не з сённяшняга плэйліста. Проста трэба перастаць парыцца з гэтай нагоды і дазволіць падзеям ісці натуральным шляхам. Але ў нас чамусьці «Еўрабачанне» ўспрымаюць як Алімпійскія гульні. Занадта шмат з гэтай нагоды абмеркаванняў.

— Чым скончыўся канфлікт з адміністрацыяй клуба Re:Public пасля сарванага канцэрту «Крамбамбулі»? Вы судзіліся з імі?

— Не, у нас яшчэ ўсё наперадзе. Вясна ў нас была гарачай, і на гэта не было часу. Канфлікт застаўся неразвязаным, і я яго буду закрываць. Калі людзі парушаюць свае дамоўленасці, няхай будуць гатовыя адказваць за свае словы. Я буду звяртацца ў суд.

— Ходзяць легенды пра абяцанні, якія вы з Міхалком у юнацтве далі адзін аднаму…

— Калісьці мы стаялі на балконе інтэрната ў Сцяпянцы, абмяркоўвалі музычнае жыццё таго часу і марылі пра будучыню. Казалі, як было б добра вырасці і збіраць стадыёны. Мы абодва дамагліся гэтага. Я спыніў спробы зрабіцца папулярным шляхам дрэннага вакальнага выканання, але ўмею сабраць стадыёны, у тым ліку на Міхалка. Спадзяюся, калі-небудзь я збяру стадыён разам з ім тут, у нашай краіне.

— Мая калега, якую адправілі на прэс-канферэнцыі зорак беларускай эстрады, наракала, што нікога не ведае і не можа адрозніць Афанасьеву ад Дарафеевай. З іншага боку, 17-гадовы знаёмы з рэгіёну нядаўна пачуў беларускі рок у жывым выкананні. Атрымліваецца, і папсу, і рок-музыкаў ведае вузкае кола людзей. Папулярызаваць у рэгіёнах рок нерэальна, таму што дамы культуры і лядовыя палацы для іх зачыненыя. Як у такіх умовах выканаўца можа зрабіць сабе імя?

— Для гэтага я езджу па розных агратурыстычных семінарах і расказваю пра фестывальны рух у сельскай мясцовасці. Я лічу, што будучыня беларускага шоу-бізнэсу ў стварэнні таго, што даўным-даўно ёсць у ЗША, Еўропе, Індыі. Святы вёсак, маленькія сельскія фестывалі. Калі мясцовыя жыхары сваё свята добра падаюць і прыгожа рэкламуюць, да іх пачынаюць ехаць з усіх куткоў краіны і замежныя турысты. Нямецкі «Актобэрфэст» менавіта так пачынаўся. Гэта насамрэч свята ўборкі ўраджаю, як у нас «Дажынкі».

— Можа, у нас такія святы не праводзяцца, таму што дзяржава бярэ на сябе ролю адзінага прадзюсара? Днямі чытала, што віцэ-прэм’ер Тозік правёў паседжанне аргкамітэта па падрыхтоўцы да Купалля на радзіме Лукашэнкі. Мне здаецца, што гэта не функцыя віцэ-прэм’ера — разглядаць сцэнар і сувеніры да свята.

— У нас ёсць анекдот, які апісвае ўсё, што адбываецца ў краіне. Памятаеце? «Вы нават бульбу не можаце перабраць самі!»

З аднаго боку, я разумею любога кіраўніка, у тым ліку і прэзідэнта. Хочаш зрабіць добра — зрабі гэта сам. Але, безумоўна, трэба больш давяраць людзям і аддаваць ім паўнамоцтвы. Тады кожны будзе займацца сваёй справай.

— Ці не здаецца вам, што песенька Ксеніі Дзягелька «Я — лідар» у нейкай ступені і пра нашых апазіцыйных палітыкаў, кожны з якіх лічыць сябе лідарам?

— Абсалютна згодзен. Песня, выкананая гэтай дзяўчынкай, — квінтэсенцыя таго, што адбываецца ў культуры, эканоміцы і палітыцы Беларусі. Кожны з нас здагадваецца, што ён — тая самая Ксюша. І кожны гаворыць сам за сябе: я з вёскі, горада, такога раёна. Шмат у чым гэта абмяжоўвае разуменне таго, што адбываецца. Ты жывеш сваім дваром і клапоцішся пра яго, але трэба разумець, што за плотам гэтага двара ёсць вялікі свет, якому ты павінен адкрывацца. Гэта датычыць і простых людзей, і палітыкаў з розных лагераў. Прыйшоў час зносіць плот і нармальна суіснаваць.

Ксенія Дзягелька — паказальны персанаж. Мне цікава на яе паглядзець праз 10–20 гадоў. Спадзяюся, у яе будзе цікавы лёс. І не менш цікавы лёс чакае нашу краіну. Галоўнае, ізноў-такі, — быць на баку святла, несці пазітыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?