У аспірантаў з-за мяжы, якія аплацілі ў Беларусі страхоўку ў поўным аб’ёме, маглі ўзнікнуць цяжкасці з атрыманнем бясплатнага лячэння.
Як паведамілі ў галоўным упраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС, такую сітуацыю стварыла супрацоўнік Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, якая па сумяшчальніцтве працуе агентам адной з вядучых страхавых кампаній краіны.
Сваім кліентам (з-за асноўнага месца працы іх было нямала) жанчына афармляла полісы з унясеннем непраўдзівых звестак пра мінімальны тэрмін страхавання, тады як большасць аспірантаў аплачвалі полісы на працяглы перыяд (паўгода і год).
У залежнасці ад тэрміну страхавання памер узносу складае ад 2 еўра (трое-чацвёра сутак знаходжання) да 85 еўра (год). Улічваючы розніцу ў цане, агент атрымлівала неблагія бонусы да сваёй заплаты, у той час як замежныя грамадзяне рызыкавалі трапіць у непрыемную сітуацыю, прычым не толькі ў плане медабслугоўвання.

Згодна з указам прэзідэнта ад 25 жніўня 2006 года № 530 «Аб страхавой дзейнасці», іншаземцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, павінны мець дагавор абавязковага медыцынскага страхавання, пацверджаны полісам. Толькі ў выпадку з аспірантамі гэтыя полісы былі фіктыўнымі.

«Агент рабіла выпіску першых асобнікаў (у большасці выпадкаў рукапісным тэкстам) у адпаведнасці з патрабаваннямі грамадзян у частцы перыяду страхавання, сумы ўзносу і аддавала іх кліентам, — паведаміў старшы оперупаўнаважаны ГУБЭЗ МУС Уладзімір Бабарыка. — А тыя дакументы, якія перадаваліся ў страхавую арганізацыю, жанчына складала ўжо з патрэбнымі для сябе звесткамі. Такім чынам, у касу ўносілася толькі невялікая частка сумы, атрыманай ад замежных грамадзян. Розніца грашовых сродкаў паспяхова прысвойвалася».

За два гады жанчына выкрала звыш 17 млн. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?