Незалежны прафсаюзны рух Беларусі налічвае каля 10 тысяч чалавек, паведаміў лідар Беларускага кангрэса незалежных прфасаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.

«БКДП уключае ў сябе чатыры прафсаюзы: Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларусі, Свабодны прафсаюз металістаў і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці.

Самая вялікая арганізацыя — Незалежны прафсаюз гарнякоў ААТ „Беларуськалій“, у які ўваходзіць больш чым 4,5 тыс. работнікаў.
У апошнія гады наша колькасць трымаецца прыкладна на адным узроўні, нягледзячы на жорсткі ціск, рэпрэсіі і дыскрымінацыю», — адзначыў Ярашук.

На пытанне, шмат гэта ці мала — 10 тыс. членаў незалежных прафсаюзаў для краіны з насельніцтвам 9,5 млн. чалавек, лідар БКДП адказаў, што 10 тыс. арганізаваных свабодных грамадзян ва ўмовах Беларусі — сур’ёзная сіла. «Ужо тое, што мы проста існуем, што ўлада вымушана нас прызнаваць і ў вельмі складаных умовах мы можам уплываць на сферу працоўных адносін, на сацыяльна-эканамічную палітыку, дарагога вартае», — перакананы лідар кангрэса.

Канкурэнцыю з 4-мільённай Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, якая падтрымлівае палітыку ўлад, на думку Ярашука, БКДП паспяхова вытрымлівае, нягледзячы на непараўнальныя магчымасці і ўмовы, у якіх ажыццяўляюць сваю дзейнасць арганізацыі. «Незалежныя прафсаюзы Беларусі існуюць у выключна агрэсіўным асяроддзі, іх члены адчуваюць пастаянны ціск, рэпрэсіі і дыскрымінацыю, і ў такіх умовах я лічу дзейнасць нашай арганізацыі вельмі эфектыўнай. Зарплата на прадпрыемствах, дзе дзейнічаюць нашы арганізацыі, у сярэднім у паўтара раза вышэйшая, чым па краіне», — падкрэсліў Ярашук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?