18 чэрвеня аднаму з галоўных спевакоў планеты Полу Макартні спаўняецца 70 год — калісьці ў часы The Beatles ён напісаў песенку «When I’m 64», у якой разважаў на тэму, ці будуць яго любіць у азначаным узросце. Як бачым, будуць.

Say Say

Пасля распаду The Beatles Пол Макартні выявіўся ледзь не самым актыўным з «чацвёркі» — першы альбом запісаў адразу, абсалютна адзін, у сваім уласным доме, не выходзячы на вуліцу. Пасля пачаў запісвацца з жонкай Ліндай. Потым разам з ёй жа стварыў гурт Wings, з якім адразу запісаў тры выдатныя альбомы, тры менш выдатныя альбомы і шыкоўны (ажно патройны) канцэртнік, на якім можна пачуць і найлепшыя сольныя песні Макартні, і бітлоўскую класіку і нават спевы басіста Роні Лэйна.

На пачатку 1980-х Макартні працягваў запісвацца сольна, выпусціў спецыяльны альбом для СССР (цяжка паверыць, але першы час заходнія меламаны гатовы былі аддаць шалёныя грошы за пласцінку фірмы «Мелодия», бо альбом «Снова в СССР» не выходзіў на Захадзе), пасябраваў з Майклам Джэксанам, параіў апошняму купляць аўтарскія правы на чужыя песні, а калі той выкупіў амаль увесь каталог The Beatles, Макартні неяк у Джэксане расчараваўся.

Michelle (для Мішэль Абама)

Разам з дзевяностымі прыйшлі і іншыя эксперыменты сэра Пола — некалькі альбомаў класічнай музыкі, «Ліверпульская араторыя», перазапіс старых песняў The Beatles, бясконцыя канцэрты і канцэртныя альбомы. У нулявых Макартні хуткасці не знізіў — аднак ягоныя апошнія студыйныя альбомы выявіліся ледзь не лепшымі з пачатку 80-х.

Зараз сэр Пол займаецца перавыданнем уласнай класікі. Пасля раскошнага Band on the Run, з савецкім народным хітом Mrs. Vandebilt, мусіць выйсці перавыдадзены альбом Ram, а там, можа і да каталога Wings рукі дойдуць.

Mrs. Vandebilt (канцэрт у Кіеве, 2008)

Можна ўсяляк ставіцца да павышанай актыўнасці экс-бітла, але ніхто, відаць не паспрачаецца, што калі ты Пол Макартні, табе можна абсалютна ўсё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?