Інфармацыя пра тое, што ля полацкай Сафіі знойдзены невядомы дагэтуль падземны ход, стала сенсацыяй у інтэрнэце. Аднак амаль адразу з’явілася і некалькі абвяржэнняў, паводле якіх знойдзены ход ужо даўно вядомы, а фотаздымкі, зробленыя краязнаўцамі братамі Бухавецкімі ў сутарэннях былога бернардынскага манастыра, дзе цяпер месціцца псіхіятрычны шпіталь.

Фота стуарэнняў псіхіятрычнай лякарні

Фота стуарэнняў псіхіятрычнай лякарні

На старонках «Советской Белоруссіі» пра знаходку выказаўся археолаг Сяргей Тарасаў, які паведаміў, што пра існаванне гэтага хода, а дакладней, дрэнажнай сістэмы, вядома ад 70-х гадоў, і ён сам аднойчы трапіў туды, пра што і расказаў Бухавецкім. Праўда, за 40 гадоў пра ход паспелі забыцца. І браты Бухавецкія нездарма трымаюць у таямніцы месцазнаходжанне ўвахода ў сутарэнні: можа стаць нагодай для пачатку адміністратыўнай справы.

«Аднак мы адразу паведамілі пра знаходку ў Акадэмію навук. — кажа Андрэй Бухавецкі. — І ў КДБ, і ў музей — як і трэба па законе. Спадар Тарасаў мае рацыю — пра гэты ход даўно вядома, і ніякай сенсацыі ў гэтай знаходцы няма, прынамсі такой, якой яе выстаўляюць СМІ. З другога боку, нехта зверху дакладна не хоча, каб мы займаліся краязнаўствам, мне так і казалі: «Вы робіце надта шмат знаходак, а ў вас нават няма гістарычнай адукацыі. Вас трэба спыняць». Аднак на наступным тыдні я чакаю дэлегацыю Акадэміі навук — паглядзім, што скажуць яны».

Што тычыцца «спрэчнага» фота, то на ім, паводле Андрэя Бухавецкага, можна ўбачыць тупік кляштара базыльянаў, да якога вядзе ход.

У Краязнаўчым музеі карэспандэнта «НН» запэўнілі, што ніхто да іх не звяртаўся са знаходкай падземнага хода і наўрад ці бы браты Бухавецкія сталі публікаваць фотаздымкі адтуль, бо тады яны цалкам падпадаюць пад адміністратыўны артыкул. Супрацоўнікі музея сам падземны ход пакуль не бачылі, аднак параўноўваюць гэтую знаходку з гісторыяй падробкі Расонскага ідала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?