23 чэрвеня на пашыраным сойме з удзелам патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў Партыя БНФ разгледзела пытанне аб выбарах 2012 году ў Беларусі.

На сойме прынятае рашэнне аб скліканні з’езду, які мае вылучыць кандыдатаў ад партыі на парламенцкія выбары.
Таксама на сойме вылучаны прадстаўнікі Партыі БНФ у акруговыя выбарчыя камісіі і ў назіральнікі ў Цэнтравыбаркам.
Сойм праходзіў у Мінску за зачыненымі ад журналістаў дзвярыма.

Вырашана, што нечарговы з’езд Партыі БНФ збярэцца 4 жніўня дзеля вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Сойм пагадзіўся, што няма падставаў для таго, каб пераглядаць папярэдняе рашэнне аб вылучэнні і зняцьці кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ. У выпадку нейкіх істотных зменаў сітуацыі з’езд 4 жніўня можа прыняць канчатковае рашэнне. Пра гэта паведаміў карэспандэнту «Свабоды» старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Самая вялікая дыскусія была па фармату ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Па выніках дыскусіі, у якой узялі ўдзел як сябры сойму, так і патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, было вырашана, што

на сённяшні момант няма падставаў пераглядаць папярэдняе рашэнне аб тым, што мы вылучаем кандыдатаў і здымаем іх перад пачаткам датэрміновага галасавання.
Нашы ацэнкі закладзеныя ў рашэнні, якое прымалася ў студзені. Гэта наяўнасьць палітвязняў і неўключэньне нашых вылучэнцаў у склад выбарчых камісій».
Партыя БНФ ужо мае 38 сваіх патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, якія пацвердзілі сваё жаданьне балатавацца. Яшчэ сямёра сяброў партыі могуць схіліцца да гэтага.
Таму спадар Янукевіч мяркуе, што да нечарговага з’езду гэтая лічба зменіцца. Сам ён плануе вылучацца па 92-й Аўтазаводскай акрузе ў Мінску: «Ёсць людзі, якія не перакананыя да канца, што варта ў сённяшніх умовах сур’ёзна ўвязвацца ў такога кшталту палітычную дзейнасць. Хаця самі па сабе маглі б быць добрымі кандыдатамі. Некаторыя хочуць перад гэтым вырашыць нейкія іншыя справы, каб больш спакойна, свабодна ісці на гэтыя выбары. Некаторыя хочуць пераканацца, што маюць падтрымку сваіх камандаў у гэтым рашэньні. Аднак, я спадзяюся, што лічба кандыдатаў вырасце».

Спадар Янукевіч адзначае, што ўжо сёння можна казаць, што гэтая выбарчая кампанія не будзе дэмакратычнай, свабоднай і справядлівай, яна будзе моцна абмежаванай. Як ставіцца Партыя БНФ да абвешчанага некаторымі партыямі байкоту выбараў? Паводле спадара Янукевіча, сёння пазіцыя амаль аднадушна пацверджаная:

«Байкот — гэта самая горшая тактыка, якая можа быць у цяперашняй сітуацыі. Схіляцца да байкоту ці гаварыць пра байкот — гэта папросту браць паўзу ў сваёй палітычнай дзейнасці да моманту заканчэння выбарчай кампаніі.
Мы якраз не бачым сэнсу і лічым, што час зручны дзеля таго, каб папрацаваць з грамадствам, скарыстаць дадатковыя магчымасці. А магчымасці для байкоту не было і на сёння выглядае, што як палітычная дзейнасць — гэта тупік».

На сойме вызначалася перадвыбарчая платформа партыі на бліжэйшыя выбары. Юры Чавусаў мяркуе, што дыскусія па гэтым пытанні гэтым соймам не скончыцца: ​​

«Апроч праграмных палажэнняў Партыі БНФ у перадвыбарчай платформе, безумоўна, будуць пытанні, якія з’яўляюцца грунтам для ацэнкі гэтых выбараў. Гэта пытанне вызвалення палітвязняў, у тым ліку гэта абуральная сытуацыя з гродзенскім журналістам Пачобутам, гэта пытанне допуску прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі».

Чаму сойм быў зачыненым для журналістаў? Рыгор Кастусёў патлумачыў: «Спрэчкі былі сур’ёзныя.

Без журналістаў многія сябры сойму выказваліся больш смела».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?