«Уладным людзям» хацелася б ператварыць увесь свет у зоны свайго ўплыву, заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 чэрвеня ў Мінску ў інтэрв’ю венесуэльскаму тэлеканалу «Венесалана дэ Тэлевісьён».

«Вы вельмі правільна сказалі, што ў свеце існуюць пэўныя зоны ўплыву ўладных людзей, — сказаў ён, звяртаючыся да венесуэльскага журналіста. — Скажам, Амерыкі, Еўрапейскага саюза зоны ўплыву. Але ёсць і зоны, на якія яны не ўплываюць, і ім хацелася б гэтыя зоны ператварыць у зоны свайго ўплыву. Хацелася б, сапраўды, перавярнуць гісторыю, перапісаць гісторыю, зрабіць так, каб, напрыклад, гэтая „арабская дуга“ поўнасцю была падкантрольная. І не толькі сёння падкантрольная была, але і ў перспектыве».

Менавіта таму, падкрэсліў Лукашэнка, «яны („уладныя людзі“) і пачалі з гэтых зон уплыву і з зон, якія выклікалі ў іх насцярожанасць у перспектыве».

«Быццам бы, проста атрымалася ў Тунісе, Егіпце. Больш складана было ў Лівіі. Далей у гэтай «арабскай дузе» зоны ўплыву свае. Вы, напэўна, заўважылі: Іарданіі і іншых, Ізраіля не кранулі. Перакінуліся на Сірыю. Раней — Ірак. Далей — Іран.
Усё няпроста складаецца: кіраўніцтва гэтых краін навучылася супраціўляцца, дый сусветная грамадскасць зразумела сутнасць планаў. Ну, і некаторыя саюзнікі тых, хто там спрабуе перавярнуць краіны, убачыўшы, што адбылося ў Лівіі і ў Егіпце, зразумелі, што атрымалася не тое, чаго хацелі. Яны ўбачылі, што з Кадафі, з Мубаракам можна было весці дыялог і дамаўляцца. А з тымі, хто цяпер прыйшоў у гэтых краінах да ўлады, будзе цяжка не проста дамаўляцца, але і размаўляць. Як у нас кажуць, «за што змагаліся, на тое і напароліся», — лічыць кіраўнік Беларусі.

Паводле яго меркавання, «вельмі цяжка сказаць, чым скончыцца бітва, якая сёння ідзе ў гэтай зоне, багатай вуглевадароднай сыравінай і рэсурсамі».

«Але гэта сёння цяжка сказаць. Заўтра гэтыя народы ўсё адно будуць незалежныя, і яны перамогуць. Яны будуць кіраваць сваімі краінамі, а не хтосьці звонку. І гэтыя зоны ўплыву, іх зоны, ператворацца ў зоны ўплыву сваіх дзяржаў. Гэта працэс аб’ектыўны. Яго нават затармазіць нельга», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?