Футбольны клуб БАТЭ 13 жніўня падпісаў пагадненне аб арэндзе ў бельгійскага «Зултэ-Варэгема»24-гадовага паўабаронцы Міхаіла Сівакова,
паведаміла прэс-служба барысаўчан.

Сівакоў — выхаванец футбольнай школы «Змена» (першы трэнер Леанід Данэйка). У 2003 годзе ён трапіў у структуру БАТЭ, за асноўную каманду якога з 2005 па 2008 гады правёў 64 афіцыйныя матчы і забіў шэсць мячоў. Сівакоў стаў чэмпіёнам (2007) і ўладальнікам Кубка краіны (2006), а ў 2008 годзе разам з барысаўскім клубам упершыню ў гісторыі беларускага футбола прабіўся ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў УЕФА.

Пасля ўдала праведзенага сезона ў пачатку 2009-га Сівакоў заключыў кантракт з італьянскім «Кальяры», колеры якога абараняў на працягу двух гадоў. У першай палове 2010 года ён гуляў на правах арэнды за «П’ячэнцу». У пачатку 2011-га паўабаронца зноў быў пазычаны — на гэты раз кракаўскай «Вісле», у чыіх радах заваяваў званне чэмпіёна Польшчы.

Летам таго ж года трансферныя правы на Сівакова ў «Кальяры» выкупіў бельгійскі «Зултэ-Варэгем».

Сівакоў перайшоў у БАТЭ напярэдадні матчаў плэй-оф кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў супраць ізраільскага «Хапаэля» (Кір’ят-Шмона).

Таксама БАТЭ адрэагаваў на выказванні галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Георгія Кандрацьева, які заявіў, што барысаўчане сабатуюць інтарэсы яго каманды.

«Мы не перашкаджаем выкліку нашых футбалістаў у нацыянальную каманду, — падкрэсліваецца ў каментарыі прэс-службы БАТЭ. — Але часам умешваюцца абставіны, на якія мы не ў сілах паўплываць. Напрыклад, мы былі не супраць таго, каб Дзмітрый Мазалеўскі адправіўся ў размяшчэнне зборнай. Аднак футбаліст спаслаўся на асабістыя абставіны (а яны, на наш погляд, паважлівыя) і папрасіў Георгія Кандрацьева на гульню са зборнай Арменіі яго не выклікаць, з чым трэнер і згадзіўся. Са свайго боку, мы не можам умешвацца ў асабістае жыццё футбаліста, няхай і нашага, і прымушаць яго да ўдзелу ў таварыскім матчы зборнай. Што да Аляксандра Глеба, то ён шмат працуе індывідуальна, бо яшчэ не набраў належных кандыцый, ды і ў зборную яго ніхто не выклікаў. Яе не выклікаў і Віталя Радзівонава».

«Што да футбалістаў былой алміпійскай зборнай, то мы звярталі ўвагу Георгія Кандрацьева на тое, што сілы яе гульцоў не бязмежныя.
За кароткі час яны правялі шэраг найважнейшых афіцыйных матчаў, рэгулярна ажыццяўлялі пералёты, што не магло не абярнуцца стомленасцю і павышанай схільнасцю на такім неспрыяльным фоне да траўм. Уласна, гэтая акалічнасць найперш і прадвызначыла нядаўнюю траўму Дзмітрыя Багі. Падобная сітуацыя склалася і з Дзянісам Паляковым», — падкрэсліваецца ў заяве.

БАТЭ адзначае, што гульцы клуба ў адпаведнасці з пажаданнем трэнера алімпійскай зборнай былі адпушчаныя ў нацыянальную каманду, а таксама ўдзельнічалі ў турніры ў Тулоне. Для гульні за нацыянальную зборную ў Ерэван гульцы ФК БАТЭ ляцяць «у поўнай адпаведнасці з патрабаваннем яе трэнера, за выключэннем Дзяніса Палякова і Дзмітрыя Багі».

«ФК БАТЭ заўсёды гатовы супрацоўнічаць з кіраўніцтвам АБФФ і нацыянальнай зборнай, але незалежна ад амбіцый кожнага боку, на наш погляд, рашэнні, што прымаюцца, павінны быць разумнымі»,
— гаворыцца ў каментарыі.

«Сабатаж, натуральны сабатаж», — так ахарактарызаваў Кандрацьеў адносіны з БАТЭ на прэс-канферэнцыі 13 жніўня. Паводле яго слоў, зборная ідзе насустрач клубу, адпускаючы гульцоў, а клуб насустрач зборнай не ідзе. «Было б у мяне больш гульцоў, з БАТЭ нікога б не браў, — заявіў трэнер. — Яны сабралі зборную Беларусі. Адкуль Палякоў, Брэсан, Радзівонаў? І што, іх цяпер нельга выклікаць? Ці БАТЭ — гэта наша ўсё? Я разумею, 10 мільёнаў на кану (размова пра прэміяльныя за выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў), але ёсць інтарэсы зборнай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?