Галівудскі рэжысёр Тоні Скот, які зняў такія фільмы, як «Top Gun» і «Барвовы прыліў», скончыў жыццё самагубствам, скокнуўшы з моста праз гавань Лос-Анджэлеса.
Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на офіс каранёра горада.

Скота, якому было 68 гадоў, заўважылі калі ён паркаваў аўтамабіль на мосце Вінсэнта Томаса, а затым скочыў у ваду прыкладна ў 12:30 па мясцовым часе ў нядзелю, яго цела было знойдзена аховай гавані каля трох гадзін.

Паліцыя мяркуе, што гэта было самагубства.

Тоні Скот нарадзіўся ў мястэчку Норт-Шылдс ў Паўночна-Усходняй Англіі. Яго маці — актрыса Элізабет Скот, Тоні рос з двума старэйшымі братамі: Фрэнкам і Рыдлі.
Будучы рэжысёр скончыў Каралеўскі каледж мастацтваў і меў намер стаць мастаком, але хутка далучыўся да брата Рыдлі, які займаўся вытворчасцю рэкламы. За двух дзесяцігоддзі ён зняў каля тысячы рэкламных ролікаў для брытанскага тэлебачання.
Пасля таго поспеху, які на мяжы 1970-х-1980-х суправаджаў у ЗША фільмы англійскіх рэжысёраў Алана Паркера, Х’ю Хадсана і Рыдлі Скота, Тоні Скот таксама быў запрошаны для працы ў Галівуд.

Спачатку ён хацеў экранізаваць раман Эн Райс «Інтэрв’ю з вампірам», але яму не ўдалося дамовіцца з кампаніяй Metro-Goldwyn-Mayer аб запуску праекта. У MGM меўся свой сцэнар пра вампіраў, які і ўвасобіў у кіно Тоні Скот.

Эстэцкі фільм «Голад» з удзелам Дэвіда Боўі і Катрын Дэнёў, выйшаў у 1982 годзе.
Ён не меў поспеху, таму Скот вярнуўся да рэкламы і музычнага відэа. У 1985 годзе прадзюсары Дон Сімпсан і Джэры Брукхаймер запрасілі Скота для пастаноўкі высокабюджэтнага фільма «Найлепшы стралок». Сімпсан і Брукхаймер былі ў ліку нешматлікіх прыхільнікаў «Голаду».

Пасля поспеху «Стралка», у якім зняўся Том Круз, Скот стаў спецыялізавацца на баевіках.
Зняў «Паліцэйскага з Беверлі-Хілз-2», «Апошні байскаўт» з Брусам Уілісам.
У 1992 годзе рэжысёр пазнаёміўся з Квенцінам Таранціна, які даў яму прачытаць два свае сцэнары: «Шалёныя псы» і «Сапраўднае каханне».
Скот сказаў, што здыме фільмы па абодвух сцэнарах, але Таранціна адказаў, што «Шалёных псоў» хацеў бы здымаць сам.
«Сапраўднае каханне» з удзелам Крысціяна Слэйтера, Патрыцыі Аркетт, Крыстофера Уокена, Гэры Олдмена прымусіла ўспрымаць Скота як сур’ёзнага рэжысёра.

Наступны фільм Скота

«Барвовы прыліў», палітычны трылер пра процістаянне Расіі і ЗША, стаў хітом 1995 года.
Трылер «Фанат» (1996), нягледзячы на ўдзел Роберта Дэ Ніра і Уэслі Снайпс, стаў чарговай няўдачай рэжысёра: ён не спадабаўся ні гледачам, ні крытыкам. У 1998 годзе, калі выйшаў трылер «Вораг дзяржавы», Скота зноў чакаў поспех.

Новае дзесяцігоддзе Скот пачаў фільмам «Шпіёнскія гульні», які прысвяціў памяці сваёй маці, якая памерла ў 2001 годзе. Затым здымаў фільмы «Гнеў», «Даміно», «Дэжа вю», рэкламныя ролікі для «Мальбара» і арміі ЗША.

Скот быў тройчы жанаты, ад трэцяга шлюбу з актрысай Уілсан Скот мае двух дзяцей: Фрэнка і Макса. Яго пляменнікі (дзеці Рыдлі Скота) — рэжысёры Джэйк Скот і Джордан Скот.

Прычына яго смерці застаецца загадкай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?