Вядомы юрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, распачаў цыкл артыкулаў, прысвечаных магчымым варыянтам канстытуцыйнай рэформы. Папярэднія былі прысвечаны ўраду, парламенту і прэзідэнту.

У «лукашэнкаўскай» канстытуцыі судовай сістэме адводзіцца частка 6. У параўнанні з Канстытуцыяй 1994 г. у яе ўключаны артыкул, прысвечаны Канстытуцыйнаму суду (арт.116). Тым самым Канстытуцыйны суд фармальна аднесены да судовай улады, а не да кантрольных органаў, што мае месца ў Канстытуцыі 1994 г.

У цяперашні час судовая сістэма Рэспублікі Беларусь замацоўваецца ў Кодэксе аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.
Згодна з арт.5 Кодэкса, у Беларусі дзейнічае наступная сістэма судоў: Канстытуцыйны суд як орган судовага кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляе судовую ўладу праз канстытуцыйнае судаводства; агульныя суды, якія ажыццяўляюць правасуддзе праз грамадзянскае, крымінальнае і адміністрацыйнае судаводства; гаспадарчыя суды, якія ажыццяўляюць правасуддзе праз гаспадарчае і адміністрацыйнае судаводства.

У Кодэксе (арт.6) замацоўваюцца задачы судоў. Так, Канстытуцыйны суд закліканы забяспечваць «верхавенства Канстытуцыі і яе непасрэднае дзеянне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адпаведнасць нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанне законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні, вырашэнне іншых пытанняў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі».

Агульныя і гаспадарчыя суды павінныя «абараняць гарантаваныя Канстытуцыяй і іншымі актамі заканадаўства асабістыя правы і свабоды, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя правы грамадзян, канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, дзяржаўныя і грамадскія інтарэсы, правы арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама забяспечваць правільнае прымяненне заканадаўства пры ажыццяўленні правасуддзя, садзейнічаць умацаванню законнасці і папярэджанню правапарушэнняў».

Артыкул 10 Кодэкса гарантуе грамадзянам права на судовую абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, іншыя правы і свабоды, прадугледжаныя Канстытуцыяй і іншымі актамі заканадаўства, а таксама ад незаконных дзеянняў (бяздзейнасці) дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, іх службовых асобаў.

У Кодэксе замацоўваюцца і іншыя гарантыі правасуддзя: галоснасць (арт.11); калегіяльны і аднаасобны разгляд справаў (арт.12); выбар мовы зносін (арт.13).

У той жа час трэба прызнаць, што

абвешчаныя ў Канстытуцыі і Кодэксе аб судаўладкаванні і статусе суддзяў гарантыі не забяспечваюцца ў поўнай меры. Суды знаходзяцца практычна ў поўнай залежнасці ад кіраўніка дзяржавы і створаных пры ім структур (Савета бяспекі, адміністрацыі, кіраўніцтва справамі і інш.).

Згодна з артыкулам 84 новай рэдакцыі Канстытуцыі, прызначэнне на пасады старшыні Канстытуцыйнага суда, старшыні Вярхоўнага суда і старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда ажыццяўляецца прэзідэнтам з згоды Савета Рэспублікі». Насамрэч жа кіраўнік дзяржавы прызначае «галоўных суддзяў» сваімі ўказамі і толькі потым прапануе верхняй палаце парламента даць «згоду» на прызначэнне, якое ўжо адбылося.

Аналагічны парадак усталяваны і ў дачыненні да суддзяў Вярхоўнага суда і Вышэйшага гаспадарчага суда. Выключэнне складаюць шэсць суддзяў Канстытуцыйнага суда, якіх абірае на пасаду Савет Рэспублікі. Аднак пры гэтым дзейнічае такая працэдура ўзгаднення кандыдатур суддзяў, што вызначальная роля ў іх прызначэнні належыць усё той жа асобе. Суддзі іншых судоў прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады кіраўніком дзяржавы.

Атрымліваецца, што судовую сістэму краіны ўзначальвае кіраўнік дзяржавы.
Па сутнасці, ён — начальнік судовага ведамства, бо ад яго волі залежыць кар’ера кожнага з суддзяў. У яго руках іх зарплата, матэрыяльна-тэхнічнае забяспечанне, медыцынскае абслугоўванне, рашэнне жыллёвых пытанняў, прысваенне кваліфікацыйных класаў, прасоўванне па службе, вызваленне ад пасады і інш.

У новых умовах патрабуецца аднавіць незалежнасць судоў, вярнуўшыся да палажэнняў Канстытуцыі 1994 г. і Закона «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13 студзеня 1995 г.

Як трэба рэфармаваць судовую сістэму?

Перш за ўсё найвышэйшыя суды (Канстытуцыйны суд, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд) павінныя фармавацца парламентам. Кандыдатуры на гэтыя пасады могуць уносіцца рэспубліканскімі органамі судзейскага самакіравання сумесна са старшынямі судоў. У дачыненні да суддзяў Канстытуцыйнага суда можа дзейнічаць асобная працэдура вылучэння кандыдатур.

Пасады старшыняў Канстытуцыйнага суда, Вярхоўнага суда і Вышэйшага гаспадарчага суда павінныя быць выбарнымі.
Гэта значыць, самі суддзі названых судоў маюць права абіраць старшыню і намеснікаў старшыні на пэўны тэрмін (напрыклад, на 5 гадоў з правам перавыбрання яшчэ на адзін тэрмін).

Суддзі ніжэйшых судоў могуць зацвярджацца на пасадзе «калегіяльным прэзідэнтам» — прэзiдыумам (радай) Сейма па сумесным прадстаўленні Рэспубліканскага савета суддзяў і старшыні адпаведнага суда.

Падставай для замяшчэння пасады суддзі мусіць быць здача спашукальнікам кваліфікацыйнага экзамену, а таксама захаванне iншых патрабаванняў, неабходных для заняцця пасады суддзі.

Што да зместу раздзела 5 Канстытуцыі 1994 г. «Суд», то яго можна пакінуць без зменаў. Тым больш, што ў ім робіцца адсылка на спецыяльны закон, у якім павінныя быць прадугледжаныя асаблівасці арганізацыі судовай улады.

Як вядома, статус Канстытуцыйнага суда замацоўваецца ў раздзеле Канстытуцыі «Дзяржаўны кантроль і нагляд», што адрывае Канстытуцыйны суд ад судовай улады і пераводзіць яго ў разрад кантрольных органаў.

На нашую думку, такая недапрацоўка Канстытуцыі 1994 г. не з’яўляецца прынцыповай. Значна важней вырашыць пытанне аб пашырэнні кампетэнцыі Канстытуцыйнага суда з тым, каб павысіць яго ролю ў забяспечанні канстытуцыйнай законнасці і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

Пасля аднаўлення судовай сістэмы на аснове Канстытуцыі 1994 г. можна будзе вырашыць пытанне аб далейшым рэфармаванні судоў і праваахоўных органаў, змяніўшы ў адпаведнай частцы дзейнае заканадаўства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?