Восемдзесят сем медалёў (13 залатых, 29 сярэбраных і 45 бронзавых) у 18 відах спорту заваявалі беларускія спартсмены на летніх і зімовых Алімпійскіх гульнях за гады выступлення самастойнай камандай.
Узнагароды на рахунку 91 атлета, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускай асацыяцыі спартыўнай прэсы, былы прэс-аташэ Нацыянальнага алімпійскага камітэта Пётр Рабухін, які пасля Гульняў у Лондане актуалізаваў сабраную ім раней статыстычную інфармацыю.

Пасля афіцыйнага прызнання беларускага НАК (21 верасня 1993 года на 101-й сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта ў Манака) спартсмены краіны выступілі на дзесяці Алімпійскіх гульнях — пяці зімовых і пяці летніх. «У сярэднім з кожных Алімпійскіх гульняў мы прывозілі 8,7 медаля. Калі ж узяць асобна летнія і зімовыя Гульні,

то летам мы значна мацнейшыя — 78 узнагарод (15,6 у сярэднім), чым зімой — 9 медалёў (1,8)», — адзначыў Рабухін.

Пасля Лондана вырасла на тры чалавекі колькасць беларускіх чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў — цяпер іх 17. Заваявалі яны 13 медалёў. Адзінай спартсменкай, якая двойчы заняла першае месца, з’яўляецца Кацярына Карстан.

Колькасць сярэбраных прызёраў вырасла на 11 чалавек. Ільвіную долю прыросту дала ў Лондане мастацкая гімнастыка — шэсць чалавек (групавое практыкаванне). Цяпер уладальнікаў серабра 38, з іх 14 гімнастак. Двойчы сярэбранымі прызёрамі станавіліся толькі трое: стралок Ігар Басінскі, цяжкаатлет Андрэй Рыбакоў і плыўчыха Аляксандра Герасіменя.

Бронзавыя медалі выйгралі 56 алімпійцаў Беларусі. Рэкардсмен па іх колькасці (4) — шасціразовы алімпійскі чэмпіён гімнаст Віталь Шчэрба, які сваё золата заваёўваў у складзе зборнай СНД у 1992 годзе.

Найбольшую колькасць узнагарод беларускія спартсмены заваявалі ў лёгкай атлетыцы — 19 (4, 6, 9), цяжкай атлетыцы — 10 (1, 3, 6), акадэмічным веславанні — 7 (2, 1, 4) і кулявой стральбе — 7 (1, 2, 4).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?