Спроба незаконнага ўвозу ў Беларусь грамадзянінам Туркменістана буйной сумы замежнай валюты спынена супрацоўнікамі мытні «Мінск-2»,
паведаміла 22 жніўня прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Падчас мытнага кантролю пасажыраў, якія прыбылі авіярэйсам Ашхабат — Мінск, мытнікі звярнулі ўвагу на двух грамадзян Туркменістана, якія спрабавалі як мага хутчэй перасячы мяжу па «зялёным» калідоры без пісьмовага дэкларавання маёмасці. «Адсутнасць у падарожнікаў багажу, мітуслівасць і іх напружаная манера паводзін насцярожылі супрацоўнікаў мытні і сталі падставай для запрашэння абодвух у „чырвоны“ калідор для правядзення дадатковых аперацый мытнага кантролю», — адзначаецца ў паведамленні.

Было ўстаноўлена, што адзін з жыхароў Туркменістана спрабаваў перавезці цераз мяжу 91.490 долараў ЗША ў эквіваленце. Парушальнік хаваў грошы ў спецыяльных патайных кішэнях, нашытых з унутранага боку майкі. Акрамя таго, у асабістых рэчах грамадзяніна знойдзена мытная дэкларацыя, аформленая мытнай службай Туркменістана, у якой пры вылеце з Ашхабата ў Мінск была ўказана ўся сума наяўных грашовых сродкаў. Паводле слоў аднаго са зламыснікаў, валюта была схаваная пад футболкай для больш надзейнай захаванасці.

Незадэклараваныя грашовыя сродкі ў частцы перавышэння сумы, перамяшчэнне якой цераз мяжу Мытнага саюза дапускаецца без дэкларавання (у эквіваленце 10.000 долараў), канфіскаваныя. Па факце правапарушэння складзены адміністрацыйны пратакол. Матэрыялы справы накіраваныя ў суд Кастрычніцкага раёна Мінска.

З пачатку года мытня «Мінск-2» выявіла 41 факт незаконнага перамяшчэння фізічнымі асобамі цераз мытную мяжу Беларусі грашовых сродкаў на агульную суму, якая ў эквіваленце перавышае 4,8 млрд. беларускіх рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?