У інтэрв’ю газеце «СБ» Лідзія Ярмошына паведаміла, што ў Цэнтрвыбаркам падалі дакументы на рэгістрацыю 494 чалавекі, але, відаць, не ўсе яны будуць зарэгістраваныя. «Хаця зараз можна гаварыць, што ў краіне няма ніводнай безальтэрнатыўнай акругі. У нас усяго толькі 11 акругаў, дзе 2 патэнцыйных кандыдаты. Па тры кандыдаты маюць 20 акругаў. Пры гэтым ёсць нават дзве акругі, дзе 9 і 10 патэнцыйных кандыдатаў», — адзначыла Ярмошына.

Сярод вылучэнцаў аж 252 чалавекі прадстаўляюць палітычныя партыі. Найбольшы тут паказчык у ліберал-дэмакратаў Сяргея Гайдукевіча — 93 кандыдаты. АГП вылучыла — 48 чалавек, а «Справядлівы свет» — 32.
Разам з тым Лідзія Міхайлаўна кажа, што сярод кандыдатаў не прадстаўлеты «цвет нацыі». «На дадзены момант дастаткова вялікая колькасць беспрацоўных удзельнічае ў выбарах, на жаль, некаторыя з іх прадстаўляюць палітычныя партыі. Ёсць пэўная колькасць людзей, якія не маюць высокага сацыяльнага статуса, нават калі працуюць.
Наўрад ці прафесія вартаўніка з’яўляецца прывабнай у вачах выбарца. Да мяне нават нехта быў звярнуўся з пікетам: „Ярмошына, выбары ў калгасе і выбары ў парламент не адрозніваюцца“. Вы ведаеце, у нас, напэўна, сапраўды не вельмі адрозніваюцца, гледзячы па ўзроўню жадаючых заняць дэпутацкія крэслы».

Было сказана старшынёй ЦВК і некалькі словаў адносна нядаўняй паездкі ў Вену на пасяджэнне АБСЕ. «На мой погляд, уся іхняя дэмакратыя — гэта вельмі добра арганізаваная бюракратыя, пры нейкай гульні з грамадскасцю і сродкамі масавай інфармацыі».

Але не ўсё так кепска ў іх. «І як бы мы ні лаялі Захад, але ж мы бачым першасную дэмакратыю ў кожнай грамадзе. Там жа, глядзіце, царкоўныя мерапрыемствы, дабрачынныя распродажы, школьныя святы».

Пасля некалькіх кампліментаў у адрас Захаду Ярмошына кажа чарговыя страшылкі. На пытанне, чаму ў Францыі і Грэцыі так мала людзей прыходзіць на выбары, яна адказвае: «Ад сацыяльнай незадаволенасці, бесперспектыўнасці».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?