Канечне, у такіх выпадках аўтар кнігі звычайна тлумачыць сваю пазыцыю на прэзэнтацыі — але, зь вядомых прычынаў, я ня маю такой магчымасьці.

У фатаграфіі мне даводзілася пачынаць у 60-я гады, калі ў савецкай Беларусі фатаграфію зусім не ўспрымалі як мастацтва,
калі на фатографаў глядзелі як на «падручных партыі», калі кожную фотавыставу трэба было «прабіваць» з неверагоднымі высілкамі, і рэдка якая выстава праходзіла без таго, каб працы не здымалі па загадзе камуністычных цэнзараў. Я добра памятаю гэтыя часы — і памятаю, як мы цанілі кожнае добрае слова (асабліва друкаванае слова). Добра ведаю, як важная падтрымка творцу — і кіраваўся гэтым пры стварэньні кнігі.

Як я ўжо казаў у прадмове да кнігі, я не імкнуўся паказаць і ацаніць узровень таго ці іншага фатографа альбо пазнаёміць чытача з шэдэўрамі прафэсійнай фатаграфіі. Гэта не мая роля.

Гэтая кніга — зборнік эсэ пра фатаграфію з фотаілюстрацыямі да разважаньняў і зь вершамі.

Мушу нагадаць, што эсэ — гэта ёсьць літаратурна-публіцыстычны жанр, які выяўляе індывідуальныя меркаваньні, ацэнкі, аналіз, уражаньні і пачуцьці аўтара на зададзеную тэму. Жанр гэты вытрыманы ў кнізе пасьлядоўна.

Кніга прысьвечана не фатографам, а фатаграфіям, незалежна ад таго кім, як, дзе і калі яны былі зьнятыя; якія мяне зацікавілі альбо ўразілі.
Пра гэта я і распавядаю, тлумачачы свае ацэнкі, уражаньні і паказваючы фотаілюстрацыі, якія кожны даўно мог убачыць у Сеціве, у часопісах ды кнігах. Новых фатаграфіяў тут, фактычна, няма. Гэта не прэзэнтацыя, а погляд на вядомае і даўно існуючае.
Гэта ўсё ўдакладненьні, чаму для маіх эсэ былі ўзяты існуючыя ілюстрацыі з масавага друку (Сеціва), а не замаўляліся аўтарам (фатографам) як на выставу.
Яны адпавядалі жанру і вызначанаму крытэру адбору, які я сам і вызначыў.
Я напісаў кнігу, якую можна было б назваць асабістай, бо ў ёй я апісаў свае эмоцыі і перажываньні.
Я напісаў пра розныя фатаграфіі, якія выклікалі маё захапленьне ці нават уражвалі цягам усяго майго жыцьця. Сярод гэтых твораў ёсьць і працы сучасных аўтараў Беларусі — Ільлі Богдана, Сяргея Грыца, Віктара Драчова, Анатоля Клешчука, Глеба Лабадзенкі, Андрэя Лянкевіча, Антона Матолькі, Тацьцяны Мірановіч, Міхася Раманюка, Васіля Фядосенкі, Сяргея Шапрана, Яўгена Шатохіна і аўтара пад псэўданімам «Васілёк».
Мне было важна распавесьці пра фатаграфіі, якія, на мой асабісты погляд, выяўляюць жыцьцё чалавечага духу альбо дух рэчы, дух прыроды, жыцьцё чалавечага лёсу. Для мяне яны прывязаная да майго часу, да эпохі, да майго месца на зямлі, выяўляюць яго. Гэтае адчуваньне ў мастацтве заўсёды пераважвае над тэхнікай і тэхнічнай якасьцю.
Гэта як з літаратурай — раптам ты разумееш, што табе падабаецца як піша нікому невядомы паэт, а твор сусьветна вядомай знакамітасці цябе ніяк не кранае. Так і з фатаграфіяй. Для мне малаважна, ці гэта аматарскае фота, ці прафэсійнае, ці ёсьць там недахоп, ці не. Важна, каб было выяўленьне часу й творчае пранікненьне ў сутнасьць рэчаў. І таму ў гэтай кнізе я змясьціў эсэ пра самыя розныя здымкі: і аматараў, і прафэсіяналаў. Ёсьць нават нярэзкія здымкі, тэхнічна недасканалыя, але ў якіх захавалася фатаграфічная магія часу.
Я пісаў пра здымкі, дзе ёсць адлюстраваньне часу, эмацыйнае ўражаньне вобразу, перажываньне чалавечага духу, адбіткі беларускай культуры, хараство Зямлі і людзей, трагічны і вечны аспэкт чалавечага існаваньня.
Вобразнае ўражаньне і імгненьне часу будзе галоўным крытэрам. Таму там, дзе гэта адчуваньне ёсць, патрабаваньні да тэхнікі абробкі фатаграфіі былі з майго боку мінімальныя, нават калі гэтым адлюстраваньнем стала растравая фатаграфія з газэты ці шматкротная рэпрадукцыя з паліграфічнага выданьня.
Хацеў бы таксама зьняць усе пытанні, якія тычаць выдаўцоў кнігі.
Выдаўцом кнігі зьяўляюся я, Зянон Пазьняк. Павал Мажэйка, які каардынуе кніжную серыю «Гарадзенская бібліятэка», на маю просьбу, аказваў мне арганізацыйную дапамогу разам з журналістам Дзмітрыем Гурневічам. Я падтрымаў прапанову, каб «Добрая фатаграфія» выйшла ў кніжнай серыі «Гарадзенская бібліятэка», лога якой можна ўбачыць на старонках і на вокладцы кнігі.

Нарэшце, тэма, якая выклікала найбольш гарачыя спрэчкі — што не папярэдзіў фатографаў, пра здымкі якіх я распавёў у кнізе, не спытаў дазволу, ці ня супраць яны, каб іх здымкі былі змешчаныя ў маёй кнізе. Калі хтосьці пачуўся пакрыўджаным — прашу прабачэньня. Я нікога не жадаў пакрыўдзіць, і мне шчыра шкада, калі некаторыя з аўтараў успрынялі маю кнігу інакш, чым добры намер.

Дадам яшчэ з вопыту. Калі ў фатаграфіі злоўлены настрой і ёсьць адметнасьць, якая ўражвае, яна (гэтая адметнасьць) можа зьмяняцца, але практычна не зьнікае пры тэхнічных маніпуляцыях
(маю на ўвазе перш за ўсё клясычную фатаграфію). Прыкладам можа служыць фота «Стрэл у патыліцу» (стар. 23 у кнізе «Добрая фатаграфія»), якое — сто разоў рэпрадукцыя і ад паўтаноў ўжо амаль нічога не засталося. Але ўражаньне моцнае. (Тэхнічныя страты здымка фіксуюцца ў падсьведамасьці як гістарызм фотавыявы.) Альбо выкадроўка аматарскага фота зь сямейнага альбома Тацьцяны Мірановіч «Сам-насам з Богам» (стар. 92 у кнізе). Выява настолькі няякасная з гледзішча фотатэхнікі, што нават аблічча разглядзець немагчыма. А ўражаньне дзівоснае (пра гэта напісана ў эсэ).
Мяркую, што зразумела, чаму я распавёў у кнізе і пра аматарскія фатаграфіі, і здымкі невядомых мне аўтараў.
Тут таксама выяўляецца набытак фатаграфіі (з апраўданай ськідкай на якасьць, вядома) калі ёсьць ўнікальнасьць, хараство і перажыванне духа (напрыклад, старонка 161. «Дзяўчынка зь лялькай»).
Запрашаю чытачоў і аўтараў фота пранікнуцца найперш тым някідкім мастацтвам і хараством фатаграфіяў, якія прадстаўлены ў кнізе «Добрая фатаграфія».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?